Вадзім Баршчэўскі нарадзіўся ў 1950 годзе ў Полацку, скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, тамсама пазнаёміўся са сваёй жонкай Аленай, якую падчас цяжкай хваробы даглядаў да апошняга дня. На ўсё жыццё сям’я Вадзіма Баршчэўскага захавала студэнцкае сяброўства з Канстанцінам і Таццянай Севярынцамі, бацькамі вядомага палітыка і журналіста. У Віцебску яны жылі побач і вельмі часта сустракаліся.
«Вадзім быў чалавекам з вельмі актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, гэтым вызначалася і ягоная журналісцкая праца — бескампрамісная і адданая. Настаўнік паводле адукацыі, ён некалькі гадоў выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе №12, потым, да пенсіі — у вучэльні алімпійскага рэзерву. Пра ягоныя ўрокі вучні да гэтай пары ўзгадваюць як пра самыя яскравыя і незабыўныя. Колькі разоў была сведкай, як весела і шумна выхаванцы наведвалі свайго выкладчыка! А яшчэ Вадзім пісаў вельмі лірычныя і тонкія вершы па-расейску, некалькі разоў збіраўся сесці, каб іх сістэматызаваць і падрыхтаваць зборнік. Але так і не паспеў», — распавядае Таццяна Севярынец.
Яшчэ адна важная старонка жыцця Вадзіма Баршчэўскага — гэта саўдзел у правядзенні мастацкіх пленэраў, запачаткаваных Адай Эльеўнай Райчонак. Шмат гадоў запар улетку Вадзім разам з жонкай Аленай працавалі над тым, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для мастакоў, што прыязджалі на Віцебшчыну.
Актыўнасць Вадзіма Баршчэўскага не заставалася незаўважанай і з боку сілавых структураў. Яго не аднойчы затрымлівалі падчас асвятлення розных апазіцыйных акцый у Віцебску, у тым ліку з удзелам ягонага асабістага сябра, праваабаронцы і журналіста Валерыя Шчукіна. Але ціск і пераслед ніколі не былі для Вадзіма Баршчэўскага фактарам страху або расчаравання ў тым, чым ён займаўся, што рабіў шчыра і годна.