У судзе Полацку 3 снежня аштрафавалі на 25 базавых велічынь жыхарку гораду Нэлі Алфёраву. Міліцыянты абвінавацілі жанчыну ў непадпарадкаванні супрацоўнікам МУС і іх абразе (арт. 23.4 і 23.5 КаАП) у дзень афіцыйнага адкрыцця адрамантаванага моста ў Полацку 6 лістапада. Па сведчаннях аднаго з відавочцаў, жанчыну затрымлівалі жорстка.

3 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да выхавацелькі Ганны Пашкевіч. За наўмысную абразу супрацоўніка МУС Мікалая Марозава (арт. 9.3 КаАП) суд аштрафаваў жанчыну на 5 базавых велічыняў. Рашэнне аб пакаранні прымаў суддзя Міхаіл Юрчанка.

Каталіцкаму святару з Расонаў Вячаславу Барку прысудзілі 10 сутак арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу 17.10 (прапаганда нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). Адбываць пакаранне будзе ў Наваполацку. Каб падтрымаць святара, на суд у Расоны прыязджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, паведамляе TUT.BY, спасылаючыся на сяброў ксяндза Барка ў сацсетках.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 3 снежня агучылі прысуд у дачыненні 33-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Кірыленкі. Яго вінавацілі ва ўчыненні гвалту да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК) падчас вулічнага шэсця 6 верасня. Суддзя Іна Грабоўская прызнала мужчыну вінаватым і пастанавіла пакараць пазбаўленнем волі на два з паловай гады.

2 снежня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску, разгледзеўшы крымінальную справу ў дачыненні да 46-гадовага Андрэя Цімафеенкі, прызнаў яго вінаватым у гвалце і пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы. На падставе ч.1 арт. 366 КК суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.