Міліцыянты апытваюць сваякоў і суседзяў заснавальніка наваполацкага незалежнага сайту
Вадзім Драздоў ужо некалькі гадоў жыве ў Швэйцарыі, але да падзеяў на Беларусі ён неабыякавы. Таму заснаваў незалежны інтэрнэт-рэсурс freeregion.info, дзе зьмяшчаюцца крытычныя матэрыялы на палітычныя тэмы, а таксама вядуць свае блогі вядомыя ў рэгіёне асобы. Нядаўна стала вядома, што міліцыя праводзіць праверку, ці не парушыў Вадзім Драздоў беларускае заканадаўства.
Доктар Ігар Пастноў стаў праваабаронцам (відэа)
Віцебскі лекар-«праўдаруб» Ігар Пастноў, які адчуў на сабе ўсе вабноты беларускай карнай псыхіятрыі, правёўшы 3 тыдні ў вар’ятні, куды быў адпраўлены судом пасьля яго публічных крытычных выступаў супраць уладаў, цяпер змагаецца за правы іншых людзей. І яму ўжо ўдалося дамагчыся пэўных посьпехаў на гэтай ніве. У сваім чарговым відэазвароце доктар Пастноў распавёў пра сваё змаганьне за правы Алесі Садоўскай, зьбітай міліцыянтамі і пасьля прызнанай псыхіятрамі бесьсьвядомай.
Незалежную журналістку пазбавілі магчымасьці абскардзіць рашэньне міліцыі
Журналістка Алена Сьцяпанава атрымала пісьмовае паведамленьне з Кастрычніцкага РАУС Віцебску пра тое, што адміністрацыйная справа, распачатая супраць яе, скасаваная. Аднак афіцыйную пастанову ёй не даслалі, і тэрмін для абскарджаньня пастановы ўжо скончыўся.
Наваполацкі аддзел унутраных спраў ладзіць праверку “Свабоднага рэгіёну”
“Свабодны рэгіён” – гэта нефармальная суполка, якая мае аргкамітэт па стварэньні паўнавартаснага грамадзкага аб’яднаньня. Аднадумцы стварылі інтэрнэт-старонку http://freeregion.info. Некаторыя з разьмешчаных там матэрыялаў і прыцягнулі ўвагу міліцыі, тлумачыць заснавальнік сайту Вадзім Драздоў.
У дачыненьні да журналісткі Алены Сьцяпанавай вядзецца адміністрацыйны працэс
Пра гэта Алена Сьцяпанава даведалася 17 красавіка, наведаўшы Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Сяргей Вяракса хацеў атрымаць ад журналісткі тлумачэньні адносна матэрыялу “Віцебскія школьнікі адмаўляюцца вучыць гімн”, разьмешчаны ў студзені бягучага году на сайце “Радыё Свабода”. Матэрыял нікім не падпісаны.
Алену Каваленку будуць судзіць за пікет
Актывістку Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Алену Каваленку, жонку былога палітзьняволенага Сяргея Каваленкі, будуць судзіць 15 красавіка за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. 1 красавіка Алену Каваленку выклікалі ў апорны пункт міліцыі, дзе ўчастковы склаў на яе пратакол паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Георгію Станкевічу пагражае штраф за “самвыдат”
Настаўніка, актывіста руху «За свабоду» Георгія Станкевіча спавясьцілі пра тое, што супраць яго ініцыяваная адміністрацыйная справа за парушэньне Закону аб СМІ. Спадар Станкевіч — заснавальнік і рэдактар самвыдатаўскай газэты «Крывінка», якую ён распаўсюджвае ў Бешанковіцкім раёне.
У Віцебску зладзілі паляваньне на «Мірона»
Прадпрыемства “Віцебскэнерга” ініцыявала адміністрацыйную справу супраць легендарнай асобы за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў на электрычныя правады. Гэта здарылася пасьля затрыманьня двух апазыцыянэраў - Барыса Хамайды і Аляксандра Салаўяна, у якіх 24 сакавіка знайшлі нацыянальны сьцяг.
Дзень Волі ў Віцебску: арыштаваны актывіст КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў
Апазыцыянэра затрымалі пасьля ўскладаньня кветак да помніку Караткевічу і памятнай дошкі Быкаву. Пра гэта паведаміла Алена Каваленка: «Яна Дзяржаўцава затрымалі каля 14 гадзін на вуліцы Кірава ў Віцебску, ён вяртаўся дадому пасьля ўскладаньня кветак з нагоды Дня Волі да помніку Ўладзімеру Караткевічу і памятнай дошкі Васілю Быкаву. А да гэтага сваякі актывіста паведамілі, што да яго прыходзілі двое міліцыянтаў дадому. Да мяне 10 хвілін таму прыйшла суседка і сказала, што мяне таксама шукалі два міліцыянты».
На вуліцах Віцебску аўтамабілістам раздавалі расейскія сьцяжкі
Гэтую акцыю назіраў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў. У камэнтары ён адзначыў, што год таму яшчэ не зьвярнуў бы ўвагі на такую акцыю. Але цяпер яго насьцярожыла тое, што Расея фактычна вядзе вайну супраць Украіны. Таму Павал Левінаў затэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра парушэньне.