Серада, 07 Май 2014

Незалежную журналістку пазбавілі магчымасьці абскардзіць рашэньне міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Сьцяпанава Алена Сьцяпанава

Журналістка Алена Сьцяпанава атрымала пісьмовае паведамленьне з Кастрычніцкага РАУС Віцебску пра тое, што адміністрацыйная справа, распачатая супраць яе, скасаваная. Аднак афіцыйную пастанову ёй не даслалі, і тэрмін для абскарджаньня пастановы ўжо скончыўся.

Замест пастановы пра скасаваньне адміністрацыйнай справы, распачатай 15 красавіка супрацоўнікам Кастрычніцкага РАУС Сяргеем Вяраксам, у канпэрце быў толькі ліст з паведамленьнем, якое хутчэй азадачыла, чымся ўсьцешыла журналістку.

“Пастанову пра скасаваньне адміністрацыйнай справы мне не даслалі. А з таго ліста, дзе напісана, што тэрміны адміністрацыйнага спагнаньня ўжо прайшлі, і таму справа касуецца, я даведалася дужа дзіўныя рэчы. Паводле меркаваньня супрацоўнікаў міліцыі, я без акрэдытацыі супрацоўнічала з “Радио Свободная Европа – Радио Свобода” – гэта напісана ў лісьце за подпісам намесьніка начальніка Кастрычніцкага райадзьдзелу міліцыі А. Захарчанкава.

Менавіта так называецца руская служба радыё, якая мае ўласны сайт і этэрны час, і перадусім асьвятляе падзеі ў Расеі. Ніякіх матэрыялаў пра Віцебск ад 20.01.2014 г. на сайце няма, хаця міліцыянты цьвердзяць, што менавіта ў гэты дзень я “асьвятляла падзеі, што адбываюцца на тэрыторыі г. Віцебску без акрэдытацыі журналіста”. Парушыўшы, такім чынам п.1 арт.1 Закону РБ “Аб СМІ”… Суцэльная блытаніна, якая нагадала мне папярэджаньне абласной пракуратуры, абвешчанае ў 2012 годзе. Там гаварылася, што я нібыта супрацоўнічаю з чэскай рэдакцыяй Радыё Свабода. Якая не існуе ўжо больш за 10 год!” – распавяла Алена Сьцяпанава.

Віцебскі праваабаронца, сябар ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Павал Левінаў заўважыў у лісьце зь міліцыі ня толькі фактычную блытаніну, але і парушэньне законных правоў журналісткі:

“Справа супраць Алены Сьцяпанавай скасаваная 25 красавіка. Аднак ліст з Кастрычніцкага РАУС датаваны 2 траўня. Не на працягу належных 5-ці дзён, а толькі на сёмыя суткі. Алена атрымала ліст толькі 3 траўня, наступны дзень быў выходны, так што з 10-дзённага тэрміну на абскарджаньне міліцэйскага рашэньня ёй “пакінулі” 1 дзень. Найхутчэй, у міліцыі нават не падумалі, што журналістка захоча падаваць скаргу, паколькі справа і так скасаваная. Але скасавалі яе, хачу заўважыць, не празь недаказанасьць правапарушэньня, а толькі праз тое, што прамінулі 2 месяцы, на працягу якіх справу можна было перадаць у суд і накласьці спагнаньне. Таму, я лічу, бараніць свае інтарэсы Алене Сьцяпанавай варта было б да канца, бо яе ўжо ня першы раз спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці за журналісцкую дзейнасьць”.

Улетку 2013 году той самы супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса падрыхтаваў дакумэнты па адміністрацыйнай справе супраць Алены Сьцяпанавай і нават перадаў іх у суд Кастрычніцкага раёну гораду. Аднак судзьдзя Іна Грабоўская вярнула матэрыялы назад у міліцыю: яна адмовілася судзіць журналістку, бо ня ўбачыла абгрунтаваных фактаў парушэньня заканадаўства.

Беларуская асацыяцыя журналістаў