Скарга актывіста не задаволена: Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд Віцебскага абласнога суда ад 25 чэрвеня 2024 г.
Навапалачаніна судзілі ў парадку спецвытворчасці, яго справу разбіралі ў Віцебску ў закрытым рэжыме. Следчы камітэт распачаў супраць Андрэя Зуева крымінальную справу за ўдзел у пратэстных падзеях 2020 г. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч.3 арт.130 (дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці па пракмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асобаў);
- ч.2 арт. 293 (навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам, пагромамі, падпаламі і знішчэннем маёмасці);
- ч.1 арт.361-1(кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем);
- арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Паводле рашэння Віцебскага абласнога суда, Зуева асудзілі да 7 з паловай гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафа памерам 8 000 рублёў. Таксама суд пастанавіў, што актывіст павінны сплаціць 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянту Сяргею Салаўю.
Сёлета 16 траўня Андрэя Зуева ўнеслі ў «Пералік экстрэмісцкіх арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае МУС.
Жыхар Наваполацка ўжо некалькі гадоў знаходзіцца за мяжой, хаця ў «экстрэмісцкім спісе» пазначана, што ён «адбывае пакаранне».
Беспрэцэдэнтным выпадкам пакуль што з'яўляецца кейс яшчэ адной ураджэнкі Віцебшчыны Людмілы Барэйкі, якую таксама асудзілі ў парадку спецвытворчасці. Суд над ёй праходзіў сёлета ў траўні на радзіме, у Глыбокім. Аднак 9 кастрычніка прэзідыюм Віцебскага абласнога суда «вызваліў» спадарыню Людмілу і зняў судзімасць «на основании абз.5 ст. 1 Закона Республики Беларусь от 07.12.2022 № 220-3 «Об амнистии в связи с Днем народного единства».
Ганна Грамыка