Панядзелак, 11 Сакавік 2024

Прызыўнік не з'явіўся на медкамісію і быў асуджаны на 1 год калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пад час суду Пад час суду

Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Жукава 26 лютага за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу па ч.1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год мясцоваму жыхару 19-гадоваму Арцёму Байдаку. Крымінальная справа разгледжана ў выязным судовым пасяджэнні ў Пастаўскім раённым ваенкамаце, куды запрасілі маладых людзей прызыўнога ўзросту.

Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны 5 верасня 2023 года ў памяшканні ваенкамата пад асабісты подпіс атрымаў позву з патрабаваннем з'явіцца 6 верасня 2023 года для праходжання медыцынскага агляду. Але Байдак праігнараваў удзел ва ўказаным мерапрыемстве і з'ехаў да маці, якая пражывае ў Мінску, дзе яго пасля затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

З улікам пазіцыі пракурора і прадстаўленых ім доказаў суддзя Жукава пастанавіла абвінаваўчы прысуд. На падставе ч.1 арт. 435 КК абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год.

У адпаведнасці з арт.78 КК суд пастанавіў не прыводзіць у выкананне прызначанае пакаранне, калі на працягу гадавога выпрабавальнага тэрміну малады чалавек не ўчыніць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі. У прыватнасці, Арцём павінен паступіць на працу, у вольны ад працы час выканаць грамадска карысныя працы ў аб'ёме 60 гадзін.

Суд таксама абавязаў хлопца заплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 2 тыс. рублёў на працягу шасці месяцаў пасля ўступлення прыгавору ў законную сілу.

Дзмітрый Цурпанаў