Адзіны ў Беларусі афіцыйны прытулак для бяздомных жывёл працуе ў Віцебску са жніўня 2011 году. За гэты час больш за 4 тысячы катоў і сабак знайшлі сваіх гаспадароў. У тым ліку і Люсі. Яна жыла ў клетцы. Але, як паказалі далейшыя падзеі, гэта былі найлепшыя дні ў яе нядоўгім жыцьці.
Дварняка забраў з прытулку 25-гадовы віцябчук. Як пазьней прызнаўся, хацеў зрабіць сюрпрыз 2-гадовай дачцэ. Вось толькі праз тры месяцы п’яны бацька забіў шчанюка ўласнымі рукамі. Суседзі з жахам успамінаюць гэтую ноч.
Алеся Дзягілева, суседка: «Позна ўначы былі чутныя дзікія енкі і стогны сабакі, скуголіў сабака. Мы ня сталі ўмешвацца. На наступную раніцу прыйшла жонка і сказала, што ён па-зьверску яе зьбіў, забіў».
У Беларусі справы аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі да суду даходзяць вельмі рэдка. Складана сабраць доказную базу. Але ня ў гэтым выпадку. Работнікі прытулку настойліва патрабавалі пакараць вінаватага. Знайшліся і сьведкі. Суд адбыўся.
Ганна Тельпукова, прэс-сакратар суду Першамайскага раёну Віцебску: «Гэтае правапарушэньне было зьдзейсьненае ім яшчэ да ўступленьня ў законную сілу зьмяненьняў, унесеных у Крымінальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць паводле артыкулу 339-1 за жорсткае абыходжаньне з жывёламі».
Максымальнае пакараньне, якое пагражала правапарушальніку, – штраф у памеры да 30 базавых велічынь альбо арышт да 15 сутак. Аднак суд палічыў дастатковым абмежаваць свабоду толькі на 5 сутак. Хоць бацька сямейства так і не прызнаў цалкам сваёй віны. З такім рашэньнем ня згодныя заяўнікі. І маюць намер яго абскардзіць.
Натальля Зубава, начальнік віцебскага прытулку для безнаглядных жывёл: «Чалавек, які біў шчанюка галавой аб батарэю, пакуль ён яго не забіў, на працягу гадзіны, маленькага, безабароннага. Заўтра ён тое самае зробіць зь дзіцем. Жорсткае абыходжаньне з жывёламі ў нас сустракаецца вельмі часта і людзі не нясуць за яго практычна ніякай адказнасьці».
Аднак з 28 студзеня ў Беларусі адказнасьць за гэткія дзеяньні ўзмоцненая. Згодна з новым артыкулам Крымінальнага кодэксу за зьдзек з жывёл з гэтага часу можна атрымаць буйны штраф або арышт. Пры паўторным зьдзяйсьненьні злачынства ёсьць імавернасьць сесьці ў турму на цэлы год.
Крыніца: СТВ