Па дасягненьні 16 гадоў кожны грамадзянін мае права прыйсьці ў суд і прысутнічаць у любым адкрытым судовым паседжаньні. Паводле заканадаўства Беларусі, грамадзянін, які прыйшоў на судовы працэс, можа папрасіць у судзьдзі дазволіць фатаграфаваць падчас судовага паседжаньня. Але рэалізаваць гэтае права аказалася ня так проста.
Палачанін Віктар, які прыйшоў у суд паслухаць ход судовага паседжаньня, падаў першую заяву аб дазволе фатаграфаваць у канцылярыю суду за паўгадзіны да судовага паседжаньня. Пачаўшы судовы працэс, судзьдзя Ірына Дародка ніяк не адрэагавала на гэтую заяву.
У перапынку судовага паседжаньня сакратарка суду сказала, што гэтую заяву адправілі старшыню суду, і адказ будзе праз 15 дзён. Такая хада падзеяў Віктара не задаволіла. Тут жа, у перапынку, была напісаная другая заява – канкрэтна судзьдзю Дародцы з той жа просьбай: дазволіць фатаграфаваньне.
Судзьдзя, якая прыйшла пасьля перапынку, паглядзеўшы на заяву, спытала ў Віктара: «А хто вы такі?» – На што Віктар адказаў: «У заяве напісана – “грамадзянін Беларусі, які не зьяўляецца ўдзельнікам судовага працэсу”». На што судзьдзя сказала: «…Забярыце гэтую паперку», – просьба грамадзяніна не была разгледжаная.
Пасьля перапынку на абед Віктар падаў у канцылярыю суду трэцюю заяву. Яна была адрасаваная судзьдзю Дародцы і ўтрымлівала тую самую просьбу – са спасылкай на Пастанову Пленуму Вярхоўнага Суду Беларусі ад 20 сьнежні 2013 г. № 11 «Аб забесьпячэньні публічнасьці». У згаданай пастанове сказана, што асобы, якія не зьяўляюцца ўдзельнікамі судовага працэсу, і журналісты зьвяртаюцца да суду з просьбай (заявай) аб дазволе фатаграфаваньня і відэаздымкаў.
Працягнуўшы судовае паседжаньне, судзьдзя заявіла, што «паступіла належным чынам аформленая заява грамадзяніна», але просьбу аб фатаграфаваньні не задаволіла. Хадайніцтва аб фатаграфаваньні і відэаздымцы падавалі і ўдзельнікі судовага працэсу, былыя работнікі крамы, якія зьяўляюцца адказчыкамі па пазове дырэктара, але і іх хадайніцтвы не былі задаволеныя судом. Прадстаўнік дырэктара крамы пярэчыла супраць правядзеньня фатаграфаваньня.
Юрыст Свабоднага прафсаюзу, дапушчаны на гэтым паседжаньні ў судовы працэс для абароны работнікаў, Мікалай Шарах падтрымліваў хадайніцтвы аб фатаграфаваньні і відэаздымках, заявіўшы: «Я лічу, што грамадзкасьць мае права ведаць, як праходзяць судовыя паседжаньні, і як абараняюцца правы рабочых, як адстойваюцца іх інтарэсы ў судзе».
Вось такім чынам у Полацкім судзе забясьпечваецца галоснасьць аб дзейнасьці судоў для распаўсюджваньня дакладнай інфармацыі.
Нягледзячы на забарону суду фатаграфаваць падчас паседжаньня, да пачатку судовага паседжаньня і ў яго перапынках забароны не было, і Віктару ўдалося зрабіць некалькі законных здымкаў у зале суду. Ніхто з прысутных не пярэчыў.
Крыніца: Дыялёг Online газэт