Раней Барыса Хамайду неаднаразова затрымлівалі за «несанкцыянаванае пікетаванне» у цэнтры Віцебску каля дома №28 па вуліцы Леніна, за якім даўно замацавалася найменне «сіні дом». Тут у 1990-я Барыс Ханонавіч ладзіў і сапраўдныя пікеты з тэматычнымі плакатамі, і распаўсюджваў незалежную беларускую прэсу, што таксама сілавікі і суддзі расцэньвалі як пікетаванне. Атрыбутамі пікета яны называлі і бел-чырвона-белы парасон, пад якім стаяў Барыс Хамайда, і стужкі ў нацыянальных колерах, якімі ён аздабляў сваё «працоўнае месца» і нават малітву «Ойча наш», вышытую чырвонымі ніткамі на белай палатніне...
Апошні раз Барыс Ханонавіч трапіў пад суд сёлета ў ліпені: яго затрымалі на станцыі Бігосава ў Верхнядзвінскім раёне, калі спадар Хамайда выправіўся ў традыцыйную пілігрымку ў Росіцу, дзе вернікі ўшаноўваюць памяць мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча — мясцовых святароў, якіх фашысты ў 1943 годзе спалілі ў росіцкім касцёле разам з тамтэйшымі парафіянамі. Прычынай затрымання стала «Пагоня», наклееная на пашпарт, -- памежнік, заўважыўшы яе, выклікаў міліцыю. Барыса Хамайду асудзілі да 15 сутак арышту, зноў-такі за несанкцыянаванае пікетаванне.
Вадзім Марозаў