Аўторак, 24 Кастрычнік 2023

За распаўсюд «экстрэмізму» ўлады арыштавалі працаўніка наваполацкага «Паліміра»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 верасня за распаўсюджванне «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках пастанавіла арыштаваць на 15 сутак удзельніка валанцёрскага атрада «Сэрца Паліміра» работніка аддзела КИПиА гэтага прадпрыемства Юрыя Лінкевіча.

Пры апытанні ў судовым паседжанні мужчына прызнаўся ў тым, што ён на відэахостынгу "YouTube" меў падпіскі на каналы "Краіна для жыцця", "NEXTA Live". Тамака ён знаёміўся з навінамі. Пра тое, што названыя суполкі прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі, яму было вядома.

Для вынясення адміністрацыйнага спагнання для суддзі Балаболавай было дастаткова прызнання Лінкевіча. І таму яна на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП пакарала мужчыну арыштам тэрмінам на пятнаццаць сутак.

Жанна Дунаеўская