На старым месцы працы ў Талачынскім райсудзе Наталлі Барысавец даручалі разбіраць палітычныя адміністрацыйныя справы. Штрафам памерам 30 базавых велічынь яна пакарала маці трох дзяцей Вікторыю Казун – за тое, што тая мела на сваёй старонцы ў «Одноклассниках» паведамленні аднаго са СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім».
Яна ж аштрафавала на 2590 рублёў Віталя Шалупіна, электраманцёра з паселка Коханава – за тое, што ў сацыяльнай сетцы "Facebook" ён размясціў выяву бел-чырвона-белых палос, суддзя Наталля Барысавец прызнала яго вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні «з мэтай выказвання сваіх асабістых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця» .
10 красавіка Наталля Барысавец асудзіла да арышта на 7 сутак жыхарку Талачына Кацярыну Васілеўскую -- за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Інтэрнеце. Акрамя таго, суддзя прадмета адмпастанавіла канфіскаваць прадмет адміністрацыйнага правапарушэння мабільны тэлефон "iPhone 6S". Пад арышт жанчына трапіла за падпіску на інтэрнэт-старонку з назвай "NEXTA".
Гэты пералік можна было б працягваць, але Наталля Барысавец і сама стала «гераіняй» судовага працэсу, у выніку якога Суд Фрунзенскага раёна Мінска 15 верасня вынес прысуд жыхарцы Талачынскага раёна Ганне Хадневіч у выглядзе абмежавання волі без накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
У ходзе судовага разбіральніцтва прагучала, што, маючы намер на пасягальніцтва на аўтарытэт і гонар суддзі, 30 лістапада 2020 года ў Мінску на вуліцы Чайлыткі праз мабільны тэлефон у сетцы “Аднакласнікі” ў групе “Вусаты таракан” жанчына размясціла паведамленне, у якім дапусціла знявагу суддзі, чым падарвала прэстыж дейнасці судовай сістэмы.
Суддзя Наталля Барысавец была прызнана пацярпелай у гэтай справе. Яе дапытвалі праз Скайп, і яна казала, што была ў шоку, калі даведалася пра каментрары, якія ўбачылі суседзі, сваякі і знаёмыя. Таму адчула вялікія маральныя пакуты, якія ацаніла ў 3 000 рублёў, запатрабаваўшы кампенсацыі. Таксама яна патрабавала прызначыць самае строгае пакаранне для абвінавачанай.
Суд істотна абмежаваў «апетыты» талачынскай суддзі і пастанавіў, што Ганна Хадневіч мае выплаціць Наталлі Барысавец 1000 рублёў.
Цяпер Наталля Барысавец будзе кіраваць судом у суседнім рэгіёне: паміж райцэнтрамі Талачын і Сянно ўсяго 50 км. Найверагодней, жыхары Сянно ўжо ведаюць, з якім «багажом» да іх прыехала працаваць спадарыня Барысавец.
Лявон Каляда