У апошнім слове Аляксандр Шматаў быў лаканічны. Сказаў, каб суд прызначыў яму мінімальна магчымае пакаранне.
Пасля перапынку суддзя Наталля Карабліна абвесціла вырак. На падставе арт. 369 КК суд прызначыў Шматаву пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды на тэрмін 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін адбыцця пакарання будуць вылічваць са дня пастаноўкі на ўлік у папраўчай установе адкрытага тыпу. Тэрмін утрымання пад вартай ад 23 да 26 ліпеня залічаны ў тэрмін адбыцця пакарання з разліку адзін дзень утрымання пад вартай – гэта два дні абмежавання волі.
У адпаведнасці з ч. 1 арт. 46 КК прынята рашэнне прымяніць адмысловую канфіскацыю мабільнага тэлефона Шматава, які стаў сродкам учынення злачынства. Да набыцця прысудам законнай моцы меру стрымання пакінулі ранейшую: падпіска аб нявыездзе.
Пазоўныя патрабаванні старшага лейтэнанта Ігара Вольніча аб кампенсацыі маральнай шкоды суд задаволіў у памеры 1000 рублёў з заяўленых 1500. У частцы грамадзянскага пазову для добраахвотнага выканання прысуду вызначаны тэрмін у адзін месяц. Арышт, накладзены на маёмасць Шматава, вырашана не адмяняць.
Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Віцебскім абласным судзе.
Нагадаем, 9 верасня Першамайскі суд па гэтым жа артыкуле, за абразу гэтага самага супрацоўніка ДАІ на старонцы Вольгі Карач у «Аднакласніках» прыгаварыў 46-гадовага віцябляніна Аляксандра Васейкіна да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі». Справы нібы спісаныя пад кальку, але прысуды розныя.
Тую акалічнасць, што Шматаў даглядае 76-гадовую маці, суд пад увагу не ўзяў.
Ян Сведка