Справу Аляксандра Жданава разбірае суддзя Дзяніс Аляксеенка. Сам пацярпелы чыноўнік на суд не з'явіўся, даслаў заяву з просьбай разгледзець яе ў яго адсутнасць – спаслаўся на занятасць на працы. Адвакат жа абвінавачанага заявіў, што «паказанні пацярпелага павінны быць дадзеныя абавязкова». І папрасіў суд выклікаць на працэс Сташэўскага. Суд прыняў рашэнне пачаць разбіраць справу без яго.
«12 жніўня 2020 году Аляксандр Жданаў, знаходзячыся па месцы жыхарства, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады – кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сташэўскага Сяргея ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, ускладзеных органамі выканаўчай улады, і выкарыстоўваючы мабільны тэлефон «айфон», са сваёй старонцы у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» ў групе «Это Витебск, детка!» размясціў тэкст каментара, які змяшчае выраз у непрыстойнай і прастамоўнай форме», – зачытаў тэкст абвінавачання пракурор Бізуноў.
Аляксандр Жданаў часткова прызнаў віну, сказаўшы, што размяшчаў каментар, але не на адрас чыноўніка.
«Я не адмаўляю, што каментар меў месца, але фармулёўка няправільная. Абраза была, але не Сташэўскага. Да гэтага быў каментар, на які я адказваў. На аўдыёзапісе гаварылася пра Віктара Цоя і Элвіса Прэслі. А папярэдні каментатар выказаўся некультурна пра іх, і я яму адказаў, бо зʼяўляюся прыхільнікам мастацтва гэтых асобаў», – патлумачыў на судзе Жданаў.
«Скаціна прадажная. Хоць бы Цоя з Прэслі не прыплятаў. Яны б табе за такія словы ў рожу плюнулі», – прачытаў каментар пракурор. «Гэта ваш каментар?» – спытаў у падсуднага. Жданаў пацвердзіў, што так.
Паводле пракурора Бізунова, «скаціна прадажная» адрасавалася Сташэўскаму. Паводле экспертаў, фраза «негатыўна характарызуе чалавека як непрыстойнага, грубага, подлага, які дзеля грошай і выгады гатовы на ганебныя ўчынкі».
Пракурор пацікавіўся ў Жданава, як паставіліся да завядзення крымінальнай справы на прадпрыемстве «Віцебскаблгаз», дзе ад 2007 году працуе абвінавачаны. Жданаў паведаміў, што яму прапаноўвалі напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні, але ён адмовіўся.
Паводле інфармацыі пракурора пост пра Сташэўскага набраў больш за тысячу падабаек і 116 рэпостаў. Сам каментар, за які судзяць Аляксандра, набраў 10 лайкаў.
Ад 14 да 16 красавіка Аляксандр Жданаў правёў віцебскім ізалятары, пасля гэтага знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Мабільны тэлефон «Айфон», канфіскавалі, а на аўтамабіль быў накладзены арышт.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў Віцебску судзяць за каментар пад постам пра Сташэўскага. Так, зусім нядаўна ў судзе Першамайскага раёну разглядалася справа Сяргея Ільюшэнкі. Яго прызналі вінаватым і прысудзілі да двух з паловай гадоў «хіміі».
Уладзімір Бяляўскі