На фоне масавых пратэстаў абвінавачаная публічна размясціла каментар, у якім змяшчалася выказанае ў непрыстойнай форме знявага на адрас пацярпелага. У тэксце каментара, на думку работніка міліцыі, прысутнічала негатыўная ацэнка ягонай асобы. Каментар гэты нібыта прынізіў ягоны аўтарытэт, гонар і годнасць.
Жанчына прызнала сваю віну, чыстасардэчна раскаялася, публічна прынесла прабачэнне міліцыянту, пагадзілася на добраахвотную ліквідацыю шкоды.
У выніку жанчыну прызналі вінаватай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год. Пры уступленні прысуду ў законную сілу яна будзе накіраваная ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Акрамя таго, судом была ўжытая спецыяльная канфіскацыя ў даход дзяржавы мабільнага тэлефона жанчыны як сродка ўчынення злачынства.
«На мой погляд, гэтае пакаранне занадта суровае і непрапарцыйнае ўчыненаму. Незразумела, чым кіравалася суддзя, прымаючы такое рашэнне. Жанчына прызнала віну, прынесла прабачэнні і добраахвотна кампенсавала шкоду. Да таго ж дзяржава канфіскавала тэлефон! То бок былі ўсе падставы, каб змягчыць прысуд. Тым больш, што ў артыкуле 369 закладзеныя менш суровыя меры пакарання. Гэта і грамадскія або папраўчыя працы, і штраф», - пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Леанід Свецік.
Міхась Пісараў