Ангеліна Туравец была затрыманая ранкам 9 мая разам з 18-гадовым Русланам Яневічам, але хлопца пазней адпусцілі. У Чыгуначным РАУС Віцебску на Ангеліну склалі пратакол паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе яна і прабыла трое сутак да суду. Арыштаваныя два тэлефоны дзяўчыны.
Судовае паседжанне 12 траўня праходзіла з выкарыстаннем Skype. Справу разбірала суддзя Алена Цыганкова.
Сваёй віны не прызнала
Паводле міліцэйскага пратаколу, Ангеліна Туравец 9 траўня, знаходзячыся каля дому 24 на вул. Калініна, мела на твары маску чорнага колеру з бел-чырвона-белай выявай на ёй «для публічнай дэманстрацыі» – і гэткім чынам правяла адзіночнае пікетаванне з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў.
Дзяўчына не згадзілася з пратаколам і сваёй віны не прызнала. Патлумачыла на судзе, што проста прыйшла паглядзець на парад Перамогі ў цэнтры Віцебску, бо штогод разам з бацькам адзначае свята менавіта такім чынам. Сцвердзіла, што ў чорнай масцы з выявай усмешкі («белыя зубы – чырвоны язык») ходзіць яшчэ са снежня 2020 году.
«Прысутнічала ў ёй на судах, была ў ёй у следчым камітэце, не здымала гэтую маску, калі размаўляла з начальнікам Віцебскага РАУС 25 сакавіка – і ніхто мне не рабіў наконт яе ніякіх заўваг, не папярэджваў і не рэкамендаваў перастаць яе насіць», – запэўніла на судзе Ангеліна Туравец. Падкрэсліла, што не мае іншай маскі.
Адвакатка прасіла спыніць справу
Пра тое, што цягам паўгода ніякіх праблем і нараканняў з боку ўладаў маска не выклікала, сцвердзіла і маці Ангеліны Таццяна Туравец, якая выступіла на судзе ў якасці сведкі. Хадайніцтва аб выкліку ў суд яшчэ аднаго сведкі – Руслана Яневіча, якога затрымлівалі разам з Ангелінай, было адхіленае.
Адвакатка Ангеліны Туравец заявіла таксама хадайніцтва, каб суддзя вярнула на дапрацоўванне ў міліцыю матэрыялы справы, бо ў іх маецца шмат недакладнасцяў – напрыклад з часам затрымання. Выявілася таксама, што Ангеліну не азнаёмілі з пратаколам затрымання. Але і гэтую просьбу суддзя Алена Цыганкова адхіліла.
Напрыканцы працэсу адвакатка прасіла спыніць справу праз адсутнасць складу правапарушэння, бо маска з выявай белых зубоў і чырвонага языка не магла быць аб'ектам меркаванага правапарушэння.
Суддзя Цыганкова: 20 сутак арышту
Аднак, на думку суддзі, віна Туравец «знайшла сваё пацверджанне». Алена Цыганкова пастанавіла пакараць Ангеліну Туравец за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні (ч.3 арт. 24.23 КаАП) адміністрацыйным арыштам на 20 сутак.
Да гэтага Ангеліну Туравец ужо 4 разы прыцягвалі да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Яе каралі штрафамі і арыштамі. У лютым 2021 году ў дачыненні маці Ангеліны Таццяны Туравец была заведзеная крымінальная справа за ўжыванне гвалту да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК), якая разглядаецца зараз судом Віцебскага раёну.
Ангеліна Туравец выйдзе на волю 29 траўня.
Зміцер Міраш