Сведкі Рабавы
Сведкі Вераніка і Ірына Рабавы былі панятымі падчас ператрусу ў Таццяны Туравец 9-10 лютага. На судзе яны выказалі сваё бачанне падзеяў. Іх версія шмат у чым супадала з версіяй, прапанаванай на першым паседжанні чатырма пацярпелымі міліцыянтамі.
Вераніка Рабава сказала, што чула абразы, выказаныя Туравец на адрас міліцыянтаў. Ірына Рабава пагрозаў з вуснаў Туравец не чула. Адзінае што прыгадала дык гэта тое, што тая абяцала вылекаваць міліцыянтам слых.
«Я ім не чыніла супраціў»
Пасля апытання Рабавых суддзя Наталля Траццякова папрасіла Туравец пракаментаваць іх паказанні і назваць прычыны, па якіх сведкі яе агаворваюць.
Сваёй віны Таццяна Туравец ізноў не прызнала. Паясніла, што праз паводзіны міліцыянтаў, якія ёй казалі няпраўду, яна тройчы ўсумнілася, што перад ёй праваахоўнікі.
«Я ім не чыніла супраціў. Мне адразу пачалі пагражаць. Яны мяне ўвесь час абвінавачвалі, што я неадэкватная і паводжу сябе неадэкватна. Казалі, што, калі буду супраціўляцца, выкарыстаюць фізічную сілу, але я не супраціўлялася», – сцвярджае Туравец.
Яна патлумачыла, што было вельмі страшна. На вуліцу не выбегла, бо ў доме было двое невядомых, а на парозе стаялі яшчэ чатыры чалавекі. Калі кусала за палец, меркавала, што на яе нападаюць, а яна абараняецца.
Туравец лічыць, што ў шэрагу момантаў канфлікту, пераказаных Рабавымі, ёсць нестыкоўкі. Выказала меркаванне, што сведкі часам абапіраюцца не на свае ўласныя ўспаміны, а сведчаць са словаў іншых. Паводле Туравец, Рабавы стаялі за міліцыянтамі на парозе і не маглі бачыць дакладна ўсе падзеі за дзвярыма, хоць яны і шкляныя. А вось каментары, якія рабілі пры гэтым міліцыянты, чулі. Прычыны, з якіх Рабавы яе агаворваюць, Туравец не назвала.
Высветлілася таксама, што Рабавы раней сустракаліся з пацярпелым Філіпенкам, які некалі заходзіў да іх па службовых абавязках.
Суд задаволіў хадайніцтва адвакаткі
У сувязі з заявай пацярпелага міліцыянта Старчанкі аб пакрыцці матэрыяльнай страты адвакатка Таццяны Туравец заявіла хадайніцтва аб правядзенні таваразнаўчай экспертызы для вызначэння рэальнага кошту скураных пальчатак, якія нібыта Туравец пракусіла. Абвінавачаная хадайніцтва падтрымала, астатнія ўдзельнікі працэсу не пярэчылі. Суд хадайніцтва задаволіў.
Перад экспертамі стаіць задача высветліць рэштавы кошт пальчатак з улікам шэрагу азначаных акалічнасцяў. Правядзенне экспертызы даручанае ўпраўленню Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Вырашэнне хадайніцтва на правядзенне крыміналістычнай экспертызы суд адклаў да моманту атрымання вынікаў першай экспертызы.
Наступнае паседжанне пройдзе 13 траўня (пачатак а 14-й гадзіне).
С. Горкі