Справу разбірае суддзя Таццяна Родзіна.
Паводле абвінавачання, агучанага 22 лютага пракуроркай, Уладзімір Малахоўскі падчас затрымання спрабаваў нанесці траўмуючыя ўдары па розных часцях цела міліцыянтаў, пашкодзіў форму, завалодаў міліцэйскім жэтонам, а пазней, ужо будучы затрыманым і знаходзячыся ў аўтазаку, распыліў газ з балончыку ў бок міліцыянтаў.
Сваёй віны Ўладзімір Малахоўскі не прызнаў.
За сарваны жэтон - 1000 рублёў
Пацярпелымі ў гэтай справе праходзяць трое супрацоўнікаў міліцыі – Юрый Качыхін, Аляксей Емяльянаў і Пазнякоў. На першым паседжанні іх апыталі.
Дзяржабвінаваўца (прозвішча ўдакладняецца) пачынала апытваць пацярпелых з пытання: «Ці вядомыя вам вынікі прэзідэнцкіх выбараў? Ці ведаеце, хто непасрэдна стаў пераможцам?» І толькі пасля гэтага пераходзіла да пытанняў, звязаных з абставінамі справы.
Паказанні супрацоўніка Чыгуначнага РАУС Віцебску Юрыя Качыхіна адрозніваліся ад тых, якія ён даваў падчас следства і якія фігуруюць у матэрыялах справы. Гэтак, на судзе ён заявіў, што падчас затрымання не выкрыкваў ніякіх папярэджанняў у бок абвінавачанага, а спрабаваў затрымаць яго моўчкі, бо «усё адбывалася вельмі хутка, і не было часу». Сцвердзіў таксама, што не бачыў моманту зрывання нагруднага знаку з формы і што заўважыў прапажу толькі праз 10 хвілін. У ранейшых паказаннях ён сцвярджаў, што папярэджваў абвінавачанага, а таксама адчуў як з сілай з яго быў сарваны жэтон.
Качыхін заявіў, што папярэднія паказанні не адпавядаюць рэчаіснасці, і папрасіў лічыць праўдзівымі тыя, што даў на судзе. За сарваны знак выставіў іскавыя патрабаванні ў памеры 1000 рублёў.
Бюлетэня не далі
Пацярпелы Аляксей Емяльянаў, які знаходзіўся ў аўтазаку ў момант распылення газу разам з Пазняковым, таксама выставіў маральную кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў. Пры гэтым прызнаўся, што ніякіх пашкоджанняў цела ў яго не было. Хоча атрымаць кампенсацыю, бо «была трывога і ўнутраны дыскамфорт».
Расказаў, што на наступны дзень звяртаўся да афтальмолага, але бюлетэнь яму не далі. Міліцыянт прызнаўся, што медычную маску, якая была на ім у момант распылення газу і якая магла быць рэчавым доказам, ён пасля інцыдэнту памыў.
Пагражае да 6 гадоў
Уладзіміру Малахоўскаму 54 гады, выхоўвае двух няпоўнагадовых дзяцей. Ён сябра партыі БНФ. Па словах жонкі Ірыны, ён 4 разы праходзіў хіміятэрапію і зараз вельмі аслаблены, да таго ж у СІЗА прастудзіўся. Нягледзячы на кепскі стан здароўя, меру стрымання яму не змяняюць.
За дзеянні, якія інкрымінуюць віцябляніну паводле арт. 364 КК, яго могуць асудзіць на 6 гадоў калоніі. Суд працягнецца 23 лютага.
Уладзімір Бяляўскі