«Гэтак палічыў суд, але ў сувязі з маёй хваробай тэрміны прыпыняліся, і пастанова аб прыпыненні ёсць у матэрыялах справы. Таму тэрмін яшчэ не скончыўся. І я, натуральна, буду дамагацца прававой ацэнкі маіх дзеянняў, але ні ў якім разе мяне не задаволіць спыненне справы з прычыны сканчэння тэрмінаў», – заявіла адразу пасля паседжання Ірына Траццякова.
Яна плануе абскардзіць пастанову, якую вынесла суддзя Вольга Шапавал, у Віцебскім абласным судзе. Ірына Траццякова ўпэўненая, што справа мусіць быць скасаваная з іншай прычыны, а менавіта – праз адсутнасць у яе дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.
19 чэрвеня 2020 году Ірына Траццякова выконвала заданне праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) і, як доўгатэрміновы назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», маніторыла электаральную кампанію. Была затрыманая 21 чэрвеня і абвінавачаная ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве («стаяла ў ланцугу салідарнасці сярод грамадзян, якія пляскалі ў далоні»). 24 чэрвеня справу, заведзеную паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП, разгледзеў суд Чыгуначнага раёну: суддзя Алена Грабянчук прызнала Траццякову вінаватай і пакарала яе штрафам у памеры 20 базавых велічынь. 16 верасня Віцебскі абласны суд адмяніў пастанову Грабянчук і накіраваў справу на новы разгляд.
Зміцер Міраш