Аўторак, 15 Снежань 2020

Пракурор запатрабаваў для Ўладзіслава Макавецкага тры гады пазбаўлення волі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Уладзіслаў Макавецкі на судзе Уладзіслаў Макавецкі на судзе

15 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску закончыліся судовае следства і судовыя спрэчкі ў крымінальнай справе віцебскага мастака Ўладзіслава Макавецкага. 27-гадовага разьбяра абвінавачваюць паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Пракурор запрасіў у суду пакараць яго зняволеннем на 3 гады. Прысуд агучаць 16 снежня.

Перад пачаткам судовых спрэчак адвакатка Уладзіслава Макавецкага хадайнічала пра далучэнне да матэрыялаў справы распісак аб атрыманні грашовай кампенсацыі за маральную шкоду, якую заяўлялі раней пацярпелыя міліцыянты – малодшы сяржант Аляксандр Пятроўскі (500 рублёў) і старшы сяржант Дзмітрый Фядотаў (200 рублёў). Пацярпелыя заявілі ў судзе, што прэтэнзій матэрыяльнага і маральнага характару да Макавецкага больш не маюць. Суд хадайніцтва задаволіў.

Пракурор пра «адэкватную меру»

У сваім выступе пракурор настойваў, што Макавецкі браў актыўны ўдзел у шэсці, мэтанакіравана замахваўся падабраным гумавым дручком у бок супрацоўніка міліцыі Пятроўскага. Меў намер нанесці яму ўдар, хапаў міліцыянта за рукі, прычыніў яму фізічны боль. Выказваў у адрас апошняга вусныя пагрозы. Сваімі дзеяннямі Макавецкі нібыта перашкаджаў законнай дзейнасці міліцыянтаў па падтрыманні грамадскага парадку.

Падсумоўваючы, пракурор звярнуў увагу на такія змякчальныя акалічнасці, як пакрыццё маральнай шкоды пацярпелым міліцыянтам, і на тое, што да крымінальнай адказнасці Макавецкі прыцягваецца ўпершыню.

Разам з тым, «з улікам грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, мэтаў і матываў здзейсненага» пракурор палічыў, што адэкватнай мерай уздзеяння будзе прызначэнне для Макавецкага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адвакатка: Віна Макавецкага – недаказаная

У сваю чаргу, адвакатка Ўладзіслава Макавецкага звярнула ўвагу суду на творчы патэнцыял і бездакорнае мінулае свайго падабароннага. Выказала меркаванне, што віна Макавецкага ў судовым следстве так і не была даказаная і што ў яго дзеяннях не было складу злачынства.

Адвакатка распавяла, што 20 верасня, калі даведалася пра пашкоджанні цела, нанесеныя Макавецкаму 6 верасня, яна хадайнічала аб правядзенні судова-медычнай экспертызы. Дазвол быў атрыманы, але сама экспертыза была праведзеная з вялікай затрымкай, што не дазволіла эксперту вызначыць механізм атрымання пашкоджанняў.

На думку абаронцы, паказанні міліцыянта Фядотава маюць супярэчлівы, непаслядоўны характар, і да іх трэба ставіцца крытычна.

З пункту гледжання адвакаткі, бок абвінавачання не мае і бясспрэчных доказаў наяўнасці намеру ў дзеяннях Макавецкага.

Не знайшло абвінавачанне і сведкаў, якія б пацвердзілі, што Макавецкі пагражаў міліцыянтам. Па словах адвакаткі, ніводны з прад'яўленых пракуратурай доказаў не ёсць безумоўны. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў Макавецкі не ўчыняў, ягоная віна ў ходзе судовага разбору не знайшла свайго пацверджання, а матыў і мэты ягоных дзеянняў нададзеныя яму незаконна.

Адвакатка прасіла суд апраўдаць свайго падабароннага з прычыны адсутнасці ў ягоных дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага арт 364 КК.

Макавецкі: Прашу не караць мяне строга...

У апошнім слове Ўладзіслаў Макавецкі сказаў, што не меў намеру нанесці камусьці шкоду і нікому яе не прычыніў.

«Так проста атрымалася, і за гэта я прашу прабачэння. Прашу не караць мяне строга. Больш нічога не магу дадаць», – сказаў Уладзіслаў Макавецкі.

Суддзя Сняжана Кіндзеева абвесціць вырак 16 снежня (11.00).

С. Горкі