«Ребята из Витебска, подскажите, пожалуйста, координаты на майора Зуева Железнодорожного РОВД… Хочу уточнить, ту ли тварь ищу или нет» («Хлопцы з Віцебску, падкажыце, калі ласка, каардынаты на маёра Зуева Чыгуначнага РАУС… Хачу ўдакладніць, тую «тварь» шукаю ці не») – гэтак выглядала паведамленне, якое абразіла намесніка начальніка аддзелу аховы правапарадку Чыгуначнага РАУС Віцебску маёра Андрэя Зуева.
Чаму было важна «ўдакладніць каардынаты» Зуева, Ягор Карапузаў расказаў «Віцебскай вясне». Паводле яго, 11 жніўня ён быў затрыманы па арт. 23.34 КаАП, і ў аддзяленні міліцыі ў яго адбыўся канфлікт з адным з супрацоўнікам.
«Ён да мяне падышоў і сказаў: «Раб, нашто табе свабода? Што ты з ёй будзеш рабіць?» Для мяне гэта было поўнай знявагай. Мы пачалі з ім сварыцца, спрачацца, а потым, калі я сядзеў у камеры ІЧУ, сукамернікі сказалі, што гэта, хутчэй за ўсё, Зуеў. Маўляў, ёсць група «Банда Лукі», напішы туды, і табе скінуць каардынаты. Мне проста важна было даведацца, ці гэта сапраўды ён. І я напісаў», – расказаў віцяблянін.
Агулам за кратамі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) Карапузаў правёў 8 сутак, яшчэ трое сутак – у СІЗА, ужо па крымінальнай справе паводле арт. 369.
Справу Ягора Карапузава разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня. Адвакат абвінавачанага настойваў, што слова «тварь» не несла ў сабе абразы. Больш за тое, было ўжытае не ў тым сказе (прычым – пытальным), у якім згадваецца прозвішча Зуева. Але, па словах Карапузава, суд на гэта не звярнуў ніякай увагі, самое паведамленне прачытвалася ў судзе без усякіх знакаў прыпынку.
«Гэта былі два розныя сказы, дзве закончаныя думкі. Але лінгвістычная камісія прыйшла да высновы, што я абражаю Зуева. А сам ён, у сваіх здагадках, вырашыў, што я абразіў яго і як асобу, і як супрацоўніка МУС у сувязі з выкананнем ім яго службовых абавязкаў. У судзе і я, і адвакат неаднаразова казалі пра тое, што тут ні пры чым ягоная праца. Але нас нават слухаць не сталі», – кажа Ягор.
Паводле абвінавачанага, суд апеляваў найперш не вельмі станоўчай характарыстыкай, якую даслалі з месца былой працы Ягора Карапузава ва ўнутраных войсках РБ – 5 гадоў таму ён служыў там па кантракце: «Так, я былы «вэвэшнік». Ну дык як жа яны напішуць добрую характарыстыку, калі атрымліваецца, што супраць іх усё і ідзе».
Віцяблянін расказаў таксама, што яго выклікалі па справе ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і прасілі запісаць відэа з выбачэннямі перад Зуевым і ўсімі супрацоўнікамі. Карапузаў згадзіўся («Маёр Зуеў, калі гэта былі не вы, то выбачайце...»), але на судзе супрацоўнік МУС заявіў, што гэтыя выбачэнні ўспрымае як няшчырыя і іх не прымае.
Прысуд абвясцілі 11 снежня. Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў Ягора Карапузава вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і пастанавіў пакараць яго абмежаваннем волі на паўтары гады з адбываннем у папраўчай установе адкрытага тыпу (пракурор прасіў 3 гады). Апроч таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў пацярпелага міліцыянта, які запатрабаваў выплаціць яму 500 рублёў кампенсацыі за маральную шкоду.
Прысуд не набыў законнай моцы.
«Зразумела, мы з адвакатам падамо апеляцыю ў абласны суд і будзем абскарджваць гэтую пастанову, бо лічым, што ў справе не было фактычных доказаў маёй вінаватасці. Усё рабілася са словаў «я мяркую», «я лічу», – патлумачыў Ягор Карапузаў.
«На судзе я спытаўся, чаму яны не абражаюцца на Біблію, дзе сказана, што ўсе мы «твари Божьи». Адказу не атрымаў», – дадаў.
Зміцер Міраш