Сваю віну ў злачынствах сьвятар Мікалай Кірэеў не прызнаў. Перад пачаткам паседжаньня ён заявіў журналістам: “Я не вінаваты, сваю віну не прызнаю. Гэтых людзей (дзяўчат. – рэд.) я нікуды не вывозіў”.
Мікалай Кірэеў заявіў пра свой намер абскардзіць прысуд.
Слуханьні пад старшынствам судзьдзі Дзяніса Аляксеенкі працягваліся тры тыдні ў закрытым рэжыме. Журналістаў у залю не пусьцілі нават перад пачаткам працэсу 25 кастрычніка, спаслаўшыся на “просьбу пацярпелых”.
Расейца абвінавачвалі ў замаху на арганізацыю і выкарыстаньне заняткаў прастытуцыяй іншымі асобамі, спалучаныя з вывазам за межы дзяржавы асобаў для прастытуцыі – пры гэтым злачынства не было даведзенае да канца праз акалічнасьці, што не залежаць ад гэтай асобы.
Працэс быў закрытым, бо справа тычылася злачынстваў у палавой сфэры – “у мэтах прадухіленьня раскрыцьця зьвестак пра інтымныя бакі жыцьця асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе, або зьвестак, якія зьневажаюць іх годнасьць”. Дзеля бясьпекі пацярпелых, паводле судзьдзі, ім зьмянілі анкетныя дадзеныя.
Айца Мікалая (Кірэева) затрымалі 3 жніўня. Першапачаткова паведамлялася, што гэта адбылося падчас штурму прытону ў Віцебску, аднак пазьней сьледчы камітэт удакладніў: кайданкі на 39-гадовага мужчыну надзелі на аўтавакзале Віцебску, калі бацюшка спрабаваў сесьці ў аўтобус разам з 20-гадовай і 30-гадовай жанчынамі.
Паводле дадзеных сьледзтва, мужчына з красавіка па жнівень 2017 году ліставаўся ў інтэрнэце з гэтымі жанчынамі. Атрымаўшы іх згоду на занятак прастытуцыяй за грошы ў Санкт-Пецярбургу, 3 жнiўня абвінавачваны прыехаў у Віцебск, каб даставіць іх у Расею. А 19:30 яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі падчас пасадкі ў аўтобус Віцебск – Санкт-Пецярбург побач з домам № 2 на вуліцы Касманаўтаў у абласным цэнтры.
Сьледчыя таксама высьветлілі, што мужчына ў змове з 19-гадовай грамадзянкай Таджыкістану і іншымі асобамі ў студзені-лютым гэтага году вёў аналягічнае ліставаньне ў інтэрнэце зь іншымі беларускамі. Дзьве зь іх – 25-гадовая і 29-гадовая жанчыны – адказалі згодай займацца прастытуцыяй у Санкт-Пецярбургу за грошы.
На ўказаньне расейца грамадзянка Таджыкістану ў лютым прыбыла ў Гомель і правяла вэрбавальныя гутаркі з жанчынамі. Дамовіўшыся зь імі пра вываз для занятку прастытуцыяй, купіла квіткі на цягнік Гомель – Санкт-Пецярбург. Аднак яе затрымалі праваахоўнікі пры пасадцы ў цягнік на чыгуначным вакзале Гомелю.
Суд Чыгуначнага раёну Гомелю прысудзіў вэрбоўшчыцу да 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. У калёніі жанчына ўбачыла тэлесюжэт пра затрыманьне ў жніўні ў Віцебску мужчыны, які спрабаваў вывезьці дзяўчат у Санкт-Пецярбург для занятку прастытуцыяй. У затрыманым яна апазнала чалавека, які адправіў яе ў Гомель з мэтай прывезьці двух дзяўчат у расейскую паўночную сталіцу.