У лютым 2017 году Вольга Сьцяпанава нарадзіла дзяўчынку, якая захлынулася каляплоднымі водамі, таму што, зь меркаваньня сьледзтва, маці позна зьвярнулася па мэдычную дапамогу. 6 траўня Вольга была зьмешчаная ў сьледчы ізалятар, нягледзячы на тое што яна апекавалася малалетняй дачкой, якую бацька пасьля арышту жонкі вывез у Расею, каб яе не забралі органы апекі.
Жанчыну абвінавачваюць у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці згодна з часткай 1 артыкулу 144, якая прадугледжвае абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.
Як стала вядома на пачатку судовага працэсу, у 2005 годзе Вольга Сьцяпанава ўжо прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці – за крадзеж. Мабыць, гэтая акалічнасьць неяк паўплывала на жорсткую меру стрыманьня жанчыны. Да заключэньня пад варту яна нідзе не працавала і даглядала старэйшае дзіця.
Судзьдзя Юры Урбан, распачаўшы працэс, паведаміў, што артыкул 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу прадугледжвае магчымасьць правядзеньня закрытага судовага паседжаньня. І зьвярнуўся да ўдзельнікаў працэсу з пытаньнем наконт мэтазгоднасьці скарыстацца з гэтай магчымасьці.
У адказ прадстаўнік пракуратуры Дзяніс Пласкуноў заявіў, што з улікам фактычных акалічнасьцяў справы, якія падлягаюць дасьледаваньню, ён лічыць дарэчным правесьці паседжаньне ў закрытым парадку.
Са свайго боку абарона (адвакаты Зінаіда Сінякова і Надзея Бірукова) падтрымала пазыцыю сваёй падабароннай, якая настойвала на адкрытым судовым паседжаньні, бо закрыты разгляд справы яна расцэньвае як перашкоду інфармацыйнай публічнасьці.
«Мне няма чаго хаваць. Я гатовая да адкрытага судовага разбору і настойваю на яго правядзеньні», – падкрэсьліла Вольга Сьцяпанава.
Прадстаўніца органаў апекі Юлія Аліпава, якая напачатку выступала ад пацярпелага боку (потым пацярпелым у гэтай справе суд прызнаў бацьку, Алега Сьцяпанава), таксама падтрымала закрыты парадак слуханьняў.
Пачуўшы меркаваньні ўсіх бакоў, судзьдзя Юры Урбан пастанавіў праводзіць судовы разбор у закрытым судовым паседжаньні – з мэтай прадухіленьня агалоскі падрабязнасьцяў пра тое, што адбылося падчас родаў.
Такая пастанова абурыла падсудную. Яна заявіла, што ў часе судовага працэсу будуць закранацца толькі яе інтарэсы і падрабязнасьці яе інтымнага жыцьця, таму яна настойвае на адкрытым разборы, бо ёй няма чага хаваць.
Рашэньне судзьдзі выклікала абурэньне ня толькі падсуднай, але і прысутных у залі грамадзянаў. Яны пакідалі працэс з воклічамі «Ганьба!», «Нават лекараў ня судзяць, калі ў іх на рукох паміраюць людзі!»
Выдаліўшы ўсіх, хто ня мае датычнасьці да справы, суд пачаў вывучаць акалічнасьці таго, што адбылося падчас родаў.
Хатнія роды, якія ў краіне фармальна не забароненыя, але за якія парадзіхі нясуць адказнасьць, калі штосьці пойдзе ня так, усё часьцей і часьцей практыкуюцца беларускімі жанчынамі, бо родавая дапамога, якая існуе зараз, не адпавядае, на іх думку, уяўленьням сучасных беларусак.
Прысутны на працэсе аналітык беларускіх про-лайф аргнанізацыяў (арганізацыі, якія выступаюць за рэальныя правы жанчын, правы мацярынства і супраць абортаў), рабін Ігаэль Егудзі, які прыйшоў падтрымаць падсудную, заявіў, што ў Беларусі родавая дапамога знаходзіцца на пячорным узроўні. Паводле яго словаў, яна працуе як зубны габінэт, па прынцыпе: усе мусяць нараджаць у працоўны час. А вось у Ізраілі родавая дапамога, якая зусім бясплатная, працуе круглыя суткі, у рэжыме рэанімацыі. У Беларусі ж лекары часта гвалтоўна стымулююць роды, практыкуецца масавая кесарызацыя.
https://vitebskspring.org/news/sud/item/2428-sud-nad-vitsyabchankaj-dzitsya-yakoj-pamerla-padchas-rodau-prakhodzits-u-zakrytym-rezhyme#sigProId07c17d4a50
С. Горкі