Усе трое абвінавачваюцца паводле часткі 2 артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу – яны нібыта займаліся арганізацыяй незаконнай міграцыі ў складзе групы асобаў.
У сваім апошнім слове Алан Сьміт ізноў заявіў пра сваю невінаватасьць. Ён адзначыў, што сьледзтва ладзілася непрафэсійна. Было сабрана недастаткова інфармацыі ні пра дзеяньні фігурантаў справы, ні пра шасьцярых грамадзян Іраку, у арганізацыі няўдалай спробы міграцыі якіх у краіны Эўразьвязу яго абвінавацілі.
Асаблівы націск у сваёй заключнай прамове ў судзе Алан Сьміт зрабіў на парушэньне правоў чалавека. «Сьледчыя парушылі мае правы ад самага пачатку», – падкрэсьліў брытанец. Вось яго расповед:
– Калі мяне арыштавалі ў Берасьці, нас абшукалі, усе рэчы забралі, далі паперу, але я ня ведаў, што забралі з маёй валізы і ручной паклажы. Нам не далі афіцыйных належных перакладчыкаў, не растлумачылі правы і абавязкі, не дазволілі тэлефанаваць. Паводле законаў Рэспублікі Беларусь яны былі абавязаныя паведаміць пра маё затрыманьне чальцам маёй сям'і цягам 12-ці гадзін, а таксама апавясьціць амбасаду Вялікай Брытаніі цягам 24-х гадзін. Але гэтага не было зроблена.
Я ня ведаў, чаму мяне арыштавалі. Мяне адвезьлі ў Віцебск. Наступнага дня, у суботу 1 кастрычніка, мяне даставілі да пракурора. Без адваката. Я не разумеў, што ён кажа. Мне ізноў не растлумачылі правы. Потым мяне адвезьлі ў СІЗА № 2. Там па-ангельску ніхто не размаўляў. І там правы і абавязкі мне не тлумачылі і не паказвалі цягам двух месяцаў.
Таксама было шмат парушэньняў, што тычыцца маіх правоў, з боку начальніка СІЗА № 2. Пра ўсё гэта я пісаў і накіроўваў шмат скаргаў – і пракурору ў Віцебск, і генэральнаму пракурору ў Менск. Але ніхто на іх па сутнасьці не адказаў. Мае лісты вымаліся, ня ведаю кім: сьледчы абвінавачваў у гэтым СІЗА-2, а СІЗА-2 – сьледчага: ніхто не хацеў браць на сябе адказнасьць за лёс маіх лістоў.
...Калі вывучалі матэрыялы маё справы, сьледчы даваў мне чатырох розных перакладчыкаў. Некаторыя зь іх ня мелі належнай кваліфікацыі. Так, адзін зь перакладчыкаў сказаў мне тут жа, як увайшоў, што ён не зьяўляецца кваліфікаваным перакладчыкам, а проста ёсьць сябрам нейкага іншага перакладчыка.
Далей грамадзянін Вялікай Брытаніі распавёў, як на пачатку сьледзтва сьледчы казаў яго ранейшаму адвакату пра 50 тысяч даляраў, якія трэба заплаціць, каб выйсьці на волю. Гэта не прагучала як афіцыйная прапанова, а было перададзена яму праз адваката, употай. Без афармленьня афіцыйных дакумэнтаў.
Алан Сьміт паведаміў таксама наступную акалічнасьць у сваім заключным слове ў судзе:
– Пракурор, які загадаў мяне арыштаваць, таксама пайшоў пагутарыць з маім ранейшым адвакатам. І ён сказаў, што мяне арыштавалі толькі з той прычыны, што я нарадзіўся ў Курдыстане. Гэта расісцкая фраза. Што дрэннага, што я нарадзіўся ў Курдыстане?
У сваёй прамове грамадзянін Вялікай Брытаніі адзначыў, што доказаў яго віны няма. А тое, што ён дапамагаў у нечым іракцам, – дык яно не зьвязана зь незаконнай міграцыяй, і ён усё рабіў у межах закону, з чым мусіў пагадзіцца і сьледчы:
– Сьледчы разумеў, што я невінаваты. Але было запозна. Бо працэс сьледзтва быў вельмі даўгі...
– У гэтай судовай залі выступілі 24 сьведкі. І ніводзін зь іх ня выкрыў мяне ў крымінальным дзеяньні... Я – бізнэсовец. Маю дастаткова грошай. І, вядома, я прыехаў у Беларусь не дзеля таго, каб за пару тысяч даляраў дапамагчы нелегалам перасячы мяжу, – падкрэсьліў Алан Сьміт у сваім выступе.
Увесь судовы працэс у Глыбокім праходзіў практычна ў камэрнай атмасфэры – рэдка ў якія дні ў залі суду зьяўляўся нехта, апроч удзельнікаў працэсу. Але перад завяршэньнем судовых слуханьняў у Глыбокае прыбылі і прадстаўнік амбасады Вялікай Брытаніі, і англійскі адвакат Майкл Полак.
Адвакат з туманнага Альбіёну сказаў сваякам Алана Сьміта, што хоць ён асабіста не сумняваецца ў невінаватасьці апошняга, але трэба рыхтавацца да дрэннага сцэнару. І паабяцаў, што нават калі будзе прысуджанае пазбаўленьне волі, ён зробіць захады, каб адбываць пакараньне Алана адправілі ў Вялікую Брытанію.
Таксама Майкл Полак зважыў на парушэньні правоў Алана Сьміта з моманту затрыманьня і аж да суду. У прыватнасьці, ён зьвярнуў ўвагу на тое, што Алана прымусілі падпісаць заявы на расейскай мове, якую той не разумее. І што амбасаду Вялікай Брытаніі трэба было праінфармаваць без зацяжак пра затрыманьне яе грамадзяніна ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі артыкулу 36 b) Венскай канвэнцыі аб консульскіх зносінах, чаго не было зроблена.
Кастусь Дзьвінскі