У 1990-я і ў першай палове 2000-х судзьдзі на Віцебшчыне ўжывалі выключную меру пакараньня досыць часта. Пасьля сытуацыя стала паступова паляпшацца. Апошні выпадак вынясеньня сьмяротнага выраку ў Віцебскай вобласьці, вядомы праваабаронцам, адбыўся ў 2007 годзе, калі на сьмерць быў асуджаны 28-гадовы навапалачанін Юры Курыльскі.
Тым ня менш ён стаў не апошняй ахвярай нежаданьня палітычнага рэжыму краіны адмяніць ці ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне з рэгіёну.
Віцебчукі дагэтуль добра памятаюць справу аб тэракце ў Менскім мэтро, якая разглядалася ў Вярхоўным судзе ў 2011 годзе. Многія зь іх ня вераць, што сьмяротны вырак, вынесены жыхарам абласнога цэнтру Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, быў справядлівым. Сумненьні, што былі пакараныя сапраўды вінаватыя ў тэрарызьме, узмацняе пасьпешнасьць, зь якой расстралялі віцебскіх хлопцаў: улады Беларусі праігнаравалі просьбу Камітэту ААН па правох чалавека дачакацца, пакуль камітэт разгледзіць па сутнасьці скаргу сваякоў Кавалёва, і хутка прывялі прысуд у выкананьне.
Цягам тыдня праваабаронцы будуць ладзіць інфармацыйныя і адукацыйныя акцыі супраць сьмяротнага пакараньня ў розных месцах Віцебскай вобласьці. Яны спадзяюцца, што праз такія акцыі ўсё больш шырокія слаі грамадзтва стануць усьведамляць, якую небясьпеку для краіны і жыхароў яно тоіць, і што ў выніку Беларусь аднойчы далучыцца да астатніх краінаў Эўропы, якія ўжо ўсе адмовіліся ад таго, каб караць людзей сьмерцю.
Кастусь Дзьвінскі