Паводле слоў юрыста-праваабаронцы Рамана Кісьляка, родныя У. Кавалёва абскардзілі адмову Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў у дачы зьвестак пра месца ягонага пахаваньня ў Міністэства ўнутраных спраў. Адтуль скарга была “спушчаная” ў дэпартамэнт, то бок у той ворган, на які яны скардзіліся – гэта першае парушэньне.
Другое парушэньне ў тым, што ў адмове раскрыць родным месца пахаваньня дзяржворганы спасылаюцца на арт. 175 ч. 5 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які не адпавядае патрабаваньням арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правох, які забараняе катаваньні і жорсткае абыходжаньне. Практыка не разгалошваць блізкім інфармацыі, дзе пахаваны расстраляны паводле прысуду, падпадае пад дзеяньне гэтага артыкулу. На думку Рамана Кісьляка, калі існуе супярэчнасьць паміж Крымінальна-выканаўчым кодэксам і Міжнародным пактам, перавага павінны быць аддадзеная Міжнароднаму пакту.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"