«Я не бачу магчымасці падтрымліваць партнёрства з кімсьці, хто падтрымлівае Пуціна супраць Украіны», заявіў Януш Кубіцкі, прэзідэнт Зялёнай Гуры, здымаючы 1 сакавіка таблічку з назовам Віцебск у тамтэйшай мэрыі.
Калісьці ў меню рэстарацыі «Зялёна Гура» насамрэч былі стравы польскай нацыянальнай кухні. І ўвогуле партнерства польскага і беларускага гарадоў было вельмі адчувальным: у Віцебску з’явілася вуліца Зеленагурская, а для таго, каб праводзіць тут фестываль польскай песні, некалі і быў збудаваны амфітэатр. Той самы, дзе цяпер праводзіцца «Славянскі базар».
Пераймяноўваць рэстарацыю перад адкрыццём пасля доўгага перапынку не сталі. Генадзь Міхалко, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Вітміл», да якога належыць установа, палічыў неабходным захаваць ранейшую назву. Ён перакананы, што варта захоўваць павагу да гарадскіх традыцый і гісторыі гораду, дзе рэстарацыя менавіта пад такой назвай была вельмі папулярнай. Але што да страваў, то тут гараджанаў чакае сюрпрыз: загадчык рэстарацыі Зураб Схіртладзэ абяцае наведнікам «беларуска-грузінскую кухню, жывую музыку і прыемную атмасферу». Каб прывабіць наведнікаў, установа харчавання абяцае 30-адсоткавую скідку на комплексныя абеды цягам месяца.
Жанна Жалейка