Чацвер, 17 Жнівень 2017

Глыбаччане абураюцца дзеяньнямі ЖКГ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Клапы, каты, птушкі, смурод і антысанітарыя. У Глыбокім жыхары дому 129Б на вуліцы Леніна скардзяцца на гарадзкія службы. Побач зь імі, літаральна за пяцьдзясят мэтраў, стаяць больш за дзесяць кантэйнэраў са сьмецьцем.

«Гэта наагул дурдом. Немагчыма падысьці да гэтага сьметніка, у вакно вызірнуць. Жыць тут немагчыма, дзеці ходзяць», – адзначае мясцовая жыхарка.

Іншая кажа:

«Уявіце – гэта цяпер цяпло, добрая дарога. Пачнуцца гэтыя замаразкі, калдобіны, галалёд, вада цячэ тут – гэта будзе вечны каток!»

Жыхары кажуць, што да іх звозяць сьмецьце з усяго гораду, а сьмецьцявозы не пасьпяваюць яго вывозіць. Тут жа побач месьцяцца дзіцячы садок і гімназія. Да таго ж сытуацыя мае пагоршыцца: мясцовыя камунальнікі зьбіраюцца перанесьці кантэйнэры са сьмецьцем яшчэ бліжэй да жылога будынку.

«Пераносяць сьметнікі нашмат бліжэй да дамоў. А гэта ўсё антысанітарыя. Пахі. Летам жа вокны адчыненыя», – скардзіцца яшчэ адзін жыхар Глыбокага.

Іншая жыхарка ўпэўненая, што горад павінен быць чыстым:

«Патрэбны сьметнікі, але, можа, іх у іншае месца перанесьці, паглядзець куды».

Жыхары дому 129Б на вуліцы Леніна абураюцца – кажуць, што ў ЖКГ зь імі ніхто ня раіўся, а перанесьці пляцоўку для сьмецьця пастанавілі раптоўна і нечакана. Камунальнікі ж адказваюць: іншага месца – папросту няма.

Вось што сказаў «Белсату» ў тэлефоннай размове галоўны інжынэр Глыбоцкай ЖКГ Юры Лінкевіч:

«Няма іншага месца. Там не да самога дому мы пераносім, а адпаведна з нормамі, усё як мае быць».

Таксама Юры Лінкевіч кажа, што камунальнікі праводзілі слуханьні, на якія запрашалі мясцовых жыхароў. Інжынэр кажа, што ня чуў, каб у гэтыя кантэйнэры звозілі сьмецьце зь іншых раёнаў. Юры Лінкевіч зьдзіўляецца гэтаму сьцьверджаньню – кажа, кантэйнэры ж ёсьць у кожным раёне.

«Хто там звозіць з усяго гораду? Ня ведаю, у мяне такой інфармацыі няма. Там сходзяцца дзьве ці тры вуліцы ля кантэйнэрнай пляцоўкі. Дык мы трохі ў бок адносім, каб быў лепшы вонкавы выгляд», – заяўляе Юры Лінкевіч.

Тым часам мясцовыя жыхары сабралі больш за сто подпісаў пад зваротам у ЖКГ і раённую адміністрацыю. Глыбаччане прапаноўваюць перанесьці сьмецьцевую пляцоўку далей, да камбікормавага заводу, але камунальнікі ўжо кажуць, што гэта занадта далёка.

Апроч гэтага, жыхары хочуць, каб ЖКГ адрамантавала прылеглую да іхных дамоў дзіцячую пляцоўку і прывяла ў парадак поле для выгулу сабакаў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu