У Асінаўку ліквідатары дабраліся на дзень пазьней, і частка гаспадароў пасьпела зарэзаць сваіх сьвіней. Але ў тых, хто не пасьпеў апрацаваць сьвежыну, сьвіныя тушы забіралі, канфіскоўвалі і разабранае мяса, калі знаходзілі яго ў доме. Як распавяла адна з жыхарак Асінаўкі, за некалькі дзён да гэтага падворкі абыходзіў старшыня сельсавету, які запісваў у каго колькі маецца сьвіней. Цяпер адбіраць жывёл прыехалі прадстаўнікі вэтэрынарнай службы ў суправаджэньні міліцыі. Забітых сьвіней ніхто не ўзважваў, нават мернай стужкі пры сабе ў ліквідацыйнай каманды не аказалася - вага жывёліны ў акт канфіскацыі запісвалася «на вока».
Журналістам удалося пагутарыць з дэзінфэктарамі, якія прыехалі апрацоўваць пабудовы, у якіх ўтрымліваліся сьвіньні. Яны сказалі, што ня ведаюць, чым былі хворыя жывёлы, проста атрымалі ўказаньне апрацаваць хлявы каўстычнай содай. Да гэтага, падчас канфіскацыі, памяшканьні апырскваліся хлёркай. Зрэшты, мець зносіны з прэсай гэтыя людзі відавочна не жадалі.
У той самы час, пасьля зьяўленьня інфармацыі пра канфіскацыю жывёл, у вёсцы Машканы Сеньненскага раёну, побач зь якой разьмешчаны буйны сьвінакомплекс, насельніцтва ў паніцы пачало масава забіваць асабістых сьвіней.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска