Паводле ягоных словаў, помнік Уладзімеру Караткевічу, усталяваны ў 1994 годзе на скрыжаваньні вуліц Чэхава і Суворава, дэмантуюць і перанясуць у іншае месца — глыбей у сквэр, які пачынаецца ад плошчы Леніна і ідзе да ўзьбярэжжа Дзьвіны. Зь нядаўняга часу ён называецца «Сквэрам у гонар 70-годзьдзя заснаваньня Віцебскай вобласьці», пра што сьведчыць шыльда на камені пасярэдзіне цэнтральнай алеі. Як кажа спадар Дубік, недзе на гэтай самай «восі, якая пралягае ад будынку філярмоніі да Дзьвіны», знойдзецца месца і перанесенаму помніку, і новаму Сафійскаму сабору, які плянуюць узьвесьці ў Віцебску. «Вось», пра якую кажа спадар Дубік, — гэта забрукаваны адрэзак цэнтральнай алеі. А дзе брукаванка сканчаецца, там прасьціраецца вялізны кавалак неўпарадкаванай тэрыторыі.
Дарэчы, паводле галоўнага віцебскага архітэктара, пераносіць будуць і яшчэ адзін культурны аб’ект — будынак, у якім месьціцца музэй Міная Шмырова, помнік архітэктуры пачатку 20 стагодзьдзя. Яго таксама перанясуць і адновяць «недзе на тэрыторыі сквэру».
Помнік Уладзімеру Караткевічу ўжо пераносілі, матывуючы гэта «пэрспэктыўным разьвіцьцём гораду», — у Воршы. Гэта адбылося напярэдадні «Дажынак-2008». Якраз на гэтым месцы пастанавілі збудаваць прыбіральню ў рэканструяваным Прыдняпроўскім парку. Пасьля рэканструкцыі парк стаў называцца дзіцячым. І помнік пісьменьніку-земляку, зроблены скульптарам Ігарам Голубевым, «перасялілі» ў атачэньне «мульцяшных» пэрсанажаў — кракадзіла Гены, Чабурашкі, Нязнайкі ды іншых, паміж гушкалак, арэляў ды іншых забавак.
Ніякіх грамадзкіх абмеркаваньняў наконт пераносу помнікаў ні тады ў Воршы, ні цяпер у Віцебску не праводзілася.
Крыніца: Радыё Свабода