Серада, 15 Красавік 2026

У бацькі актывіста-палітэмігранта Дзмітрыя Карняенкі зноў узялі біялагічны матэрыял

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра гэта Дзмітрый напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: “Не паспеў бацька выйсці з бальніцы пасля прадінсультнага рэцыдыву, як адразу з’явіліся наведвальнікі. Зноў па сліну, як і год таму”. Як і ў мінулым годзе, сталага чалавека распытвалі, дзе знаходзіцца ягоны сын - вымушаны палітэмігрант.

Бацька актывіста жыве ў Оршы, адтуль родам і Дзмітрый Карняенка. Летась якраз такой самай парой  да яго бацькі прыходзілі са Следчага камітэта  з тым самым патрабаваннем – здаць біялагічны матэрыял. Якраз напярэдадні Дзмітрыя  прызналі ўдзельнікам "экстрэмісцкага фармавання "Хрысціянская візія".  Яшчэ праз месяц, у маі 2025 г., Карняенку прызналі  ўдзельнікам яшчэ “экстрэмісцкага фармавання” - ініцыятывы “Народный депутат”. Сёлета  актывіста залічылі і ў “иногенты” – у якасці ўдзельніка   арганізацыі «Христиане против войны».

Дзмітрый Карняенка даўно не жыве ў Беларусі - ён быў вымушаны з'ехаць за мяжу пад пагрозай арышту, бо на радзіме супраць яго завялі палітычна матываваную крымінальную справу  за «садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ) У 2020 годзе  яго судзілі па адміністрацыйных справах (арт. 24.23 КаАП) – за ўдзел у пратэстах.

Марыя Пятрэнка