Субота, 20 Снежань 2025

Ксёндз Сяргей Сурыновіч: "Некаторыя элементы фрэскі пачалі адцягваць увагу ад цэнтральнай таямніцы — ад Хрыста і Яго Уваскрасення"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пробашч віцебскага касцёла Святога Антонія патлумачыў, чаму з цэнтральнай фрэскі ў храме зніклі выявы жынчыны  і двух салдат . Паводле ягоных словаў, "пытанне ўзнялі самі парафіяне. На працягу многіх гадоў паступалі катэгарычныя заўвагі і скаргі, і ў выніку супольнасць прыняла рашэнне, што пэўныя вобразы трэба прыбраць. Гэта не было воляй аднаго чалавека, а менавіта патрабаваннем людзей, якія хацелі, каб іх касцёл заставаўся прасторай малітвы і супакою.

Як мы паведамлялі раней, выданне katolik-life заўважыла, што з галоўнай фрэскі знікла выява жанчыны, якая навярнулася да Хрыста, і выявы двух салдат. Апошнія "сімвалізавалі рымскіх ахоўнікаў ля Труны Хрыста, якія праспалі Яго Уваскрасенне. Аднак жаўнеры былі апранутыя ў больш сучаснае вайсковае адзенне. Гэты элемент фрэскі меў такі сэнс: Святло пераможа цемру не дзякуючы мілітарнай сіле, але насуперак ёй, калі жаўнеры паснуць". 

Паводле ксяндза Сяргея Сурыновіча, "галоўныя “цэнзары” ў касцёле — гэта самі парафіяне. Святыня існуе для іх, і менавіта яны маюць права сказаць, што дапамагае ім у малітве, а што перашкаджае. Калі сучаснае мастацтва адкрывае сэрца для Бога, узбагачае духоўны досвед і дапамагае засяродзіцца, яно знаходзіць сваё месца ў касцёле. Але калі людзі адчуваюць, што нейкі элемент выклікае непакой, адцягвае ўвагу ці нават правакуе, то Касцёл абавязаны рэагаваць. Асабліва гэтая рэакцыя павінна быць хуткай і катэгарычнай, калі сучаснае мастацтва не служыць малітве, а становіцца крыніцай раздражнення і падзелу".

Святар патлумачыў, што "фігура жанчыны была намаляваная ў правакацыйным ракурсе і размяшчалася акурат над амбонам, адкуль чытаецца Божае Слова. Для многіх вернікаў гэта выглядала недарэчна і выклікала незадаволенасць, а часам нават згаршэнне. Каб пазбегнуць непатрэбных спрэчак і каб нічога не перашкаджала малітве, парафіяльная супольнасць настойліва патрабавала прыбраць гэты вобраз, які змяшчаўся акурат заўсёды перад іх вачыма падчас малітвы як і наступны. Што да жаўнераў, то яны былі паказаныя ў сучасным вайсковым адзенні. Парафіяне неаднаразова казалі: мы жывём у мірнай краіне, молімся заўсёды аб супакоі, беларусы — мірныя людзі. Таму падобныя вобразы выклікалі ў іх неадназначныя пачуцці і непакой. Каб пазбегнуць непатрэбных інтэрпрэтацый і каб фрэска заставалася чыстым сведчаннем веры, а не прычынай спрэчак і раздражнення, парафіяне настойліва патрабавалі прыбраць і гэтыя выявы".

Пра падставы таго, што некаторыя персанажы фрэскі былі замаляваныя, ксёндз Сяргей распавёў  выданню catholicnews.by у інтэрв'ю з нагоды 25-годдзя адноўлення парафіі святога Антонія.

Фрэскі ў гэтым касцёле ў 2017 годзе стварыў мастак Уладзімір Кандрусевіч. Яны адразу сталі сенсацыяй: анёлы тут граюць на бас-гітары і саксафоне, а перад Паннай Марыяй і немаўлём выкладаюць дары людзі, вельмі падобныя да Уладзіміра Пуціна, былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы і Далай-ламы.

 

Ксёндз Сяргей Сурыновіч заўважыў, што "гэтае рашэнне людзей не павінна ўспрымацца як абраза для мастака. Кожны творца, які бярэцца за працу ў касцёле, загадзя разумее: яго твор ахвяраваны Богу і службе людзям. Ён становіцца часткай святыні і служыць супольнасці, а не асабістай славе, хоць талент і адукацыя мастака заслугоўваюць пашаны. Парафіяне маюць поўнае права патрабаваць, каб іх касцёл быў сапраўдным домам малітвы і сустрэчы з Богам, а не месцам дыскамфорту і змешаных пачуццяў. І яны выказваюць свае заўвагі, кіруюць просьбы, патрабуюць увагі да сваіх патрэбаў — і гэта нармальна, бо святыня належыць супольнасці. Тут важна падкрэсліць і адказнасць мастакоў, якія ствараюць творы для касцёла. Яны павінны быць свядомымі, што іх праца — гэта не выстава і не дэманстрацыя асабістага таленту, а служэнне малітве людзей. Тут патрэбна асаблівая пакорлівасць: мастак павінен памятаць, што яго твор будзе стаяць перад вачыма вернікаў падчас малітвы, і таму ён мусіць дапамагаць, а не перашкаджаць у сустрэчы з Богам".