Панядзелак, 31 Сакавік 2025

Шматпавярхоўкі пабудуюць, каб запоўніць дзіцячыя сады

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Такое тлумачэнне старшыня гарвыканкама Аляксей Героеў даў жыхарам вуліц Ляонава, 6-й Свярдлова і 2-й Войкава, дзе запланаваны знос прыватнага сектара. Людзі незадаволеныя зносам сваіх “сядзіб”, на месцы якіх плануюць збудаваць 5 шматпавярховых дамоў. Але гарадское кіраўніцтва тлумачыць знос “необходимостью адаптации к миграционным процессам”.

У прыватнасці, Аляксей Героеў заявіў, што за кошт павелічэння колькасці жыхароў у гэтым раёне плануецца запоўніць чатыры дзіцячыя дашкольныя ўстановы, дзе мала выхававанцаў. Таксама ён паведаміў, што “в ходе общественного обсуждения поступило 10 предложений в поддержку сноса домов”. Калі казаць пра гэтую акалічнасць, то яна выклікае шмат пытанняў: зазвычай людзі або ігнаруюць грамадскія абмеркаванні, бо ад іх мала што залежыць, або пішуць пра тое, з чым не згодныя.

 Нагадаем, пра тое, што прыватныя дамы плануецца аддаць пад знос, жыхары даведаліся   выпадкова - ад геадэзістаў, які прыйшлі рабіць замеры. Свае аргументы насельнікі гэтых вуліц выклалі ў лісце ў рэдакцыю гарадской газеты “Віцьбічы”. Галоўнае, што падкрэсліваюць аўтары, - гэта наяўнасць у горадзе абсалютна пустых тэрыторый, у тым ліку тэрыторый закінутых прадпрыемстваў. А яшчэ - што гаспадароў ніхто не папярэджваў пра магчымы знос, таму ва ўладкаванне свайго жытла людзі ўкладалі вялікія сродкі - праводзілі ваду, газ, належным чынам афармлялі прыбудовы...

 Жыхарам, чые дамы ідуць пад знос, абяцаюць або кватэры, або грашовую кампенсацыю за страчанае жытло. Зразумела, што за такія грошы дом з усімі выгодамі і ўчасткам у межах горада ўжо не купіш.

Пратэстныя звароты жыхароў вуліц Ляонава, 6-й Свярдлова і 2-й Войкава, як высветлілася, на адпаведным пасяджэнні па выніках грамадскага абмеркавання да ўвагі не прымаліся. Бо яны, маўляў, не тычацца парушэнняў будаўнічых норм, а базуюцца толькі на асабістых поглядах.

Марыя Юхнавец