Палачанка Юлія Перапеч, мяркуючы па сацыяльных сетках, выглядае даволі нетыпова ў параўнанні з традыцыйным вобразам “звычайнай настаўніцы”. І справа не толькі ў модным моладзевым адзенні: жанчына спявае, вядзе анлайн-дыскусіі і выкладае ў сацсеткі разважанні пра ўласнае жыццё і сваю прафесію. Некаторыя відэаролікі яна здымала непасрэдна ў школе, што і стала пачаткам канфлікту з адміністрацыяй.
Па словах настаўніцы, бацькі яе вучняў ніколі не мелі заўваг да яе блогерства, а дзеці - тым болей: у прыватнасці, Юлія распавяла і пра тое, што з удзелам школьнікаў “раскруціла” Instagram СШ №18. Але адміністрацыя запатрабавала, каб усе ролікі “школьнай” тэматыкі настаўніцы выдаліла са свайго відэаблога.
Яшчэ месяц таму было падобна, што кампраміс знойдзены: Юлія Перапеч паабяцала змяніць фармат відэа. Аднак ужо ў сакавіку яна распавяла сваім падпісчыкам, што адміністрацыя школы запатрабавала або выдаліць усё, што здымалася ў школе раней, або звальняцца. «На раздумье дали полчаса», - распавяла настаўніца. І патлумачыла , што абрала звальненне, бо лічыць сябе “творчай натурай”, і ёй шкада выдаляць кантэнт відэаблога, які вядзе ўжо 6-ты год.
Таксама яна размясціла ролік пра сваё развітанне з вучнямі (Юлія была класнай кіраўніцай у 7-м класе) і пра тое, што яны зразумелі ейны учынак.
У TikTok Юлія Перапеч мае амаль 218 тысяч падпісчыкаў і больш за 73 тысячы падпісчыкаў ў Instagram. Каментуючы відэа пра вымушанае звальненне, прыхільнікі Юліі пішуць пра тое, што яе былыя калегі - рэтраграды, што яны захраслі з мінулым стагоддзі, што сучасная беларуская школа - гэта “савок”, у якім баяцца любой ініцыятывы.
Таццяна Марыкава
Чацвер, 27 Сакавік 2025
Школа або TikTok
Настаўніцы полацкай СШ №18 прыйшлося звольніцца, бо адміністрацыя навучальнай установы паставіла яе перад выбарам: або выдаліць частку відэа ў TikTok, або пісаць заяву на сыход па ўласным жаданні. Прынамсі, так апісвае сітуацыю сама блогерка, якая 7 гадоў адпрацавала ў школе настаўніцай ангельскай мовы.
Апублікавана ў
Рознае