Аўторак, 17 Снежань 2024

У Оршы адрамантавалі драўляную лесвіцу і падаюць гэта як вялікае дасягненне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мясцовыя жыхары гадамі скардзіліся на тое, што старая драўляная лесвіца ў раёне вуліц Флёрава і Сяржантава знаходзіцца ў занядбаным стане. Але напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі ўлады ліхаманкава дэманструюць «клопат» пра народ, скаргі раптам пачулі ў Аршанскім райвыканкаме. І аказалася, што праблему можна было даўно вырашыць, літаральна за пару дзён.

«Старый лестничный марш давно пришел в негодность, ступеньки периодически ломались, и требовался их ремонт. Жители микрорайона не раз обращались в редакцию, и мы неоднократно поднимали этот вопрос на страницах «Аршанскай газеты», - піша мясцовае раённае выданне.

Паводле «Аршанскай газеты», «знали об этой проблеме и в Оршанском райисполкоме, куда также обращались граждане». Але чамусьці да апошняга часу нічога не рабілі.

Аднак пару тыдняў таму прагучаў загад «зверху», каб мясцовыя ўлады больш актыўна рэагавалі на скаргі насельніцтва. І вось «в ноябре лестницу отремонтировали. Работники Оршанской спецавтобазы построили новый лестничный марш, установили поручни». Пра гэтую падзею раённая газета піша, як пра нечуванае дасягненне. І падкрэслівае, наколькі ўдзячныя аршанцы за праяўлены пра іх клопат: «Пришли письма от оршанцев и в редакцию газеты со словами благодарности руководству города».

Няма ў гэтай публікацыі толькі аднаго: тлумачэнняў, чаму праблема з лесвіцай столькі гадоў ігнаравалася мясцовымі ўладамі? Што стрымлівала работнікаў райвыканкама ад таго, каб аддаць даручэнне наконт лесвіцы яшчэ год ці два таму?

Дарэчы, а чаму было не збудаваць тут больш капітальны аб'ект, а не драўляную лесвіцу, якая відавочна праслужыць нядоўга? Бо ў 20-я гады 21-га стагоддзя ганарыцца рамонтам драўляных прыступак у горадзе з адпаведным статусам і насельніцтвам каля 120 тысяч чалавек проста смешна.

Ларыса Раманава