Пятніца, 08 Лістапад 2024

Віцябляне скардзяцца, што вымушаны ездзіць «зайцамі» у новых аўтобусах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З грамадскім транспартам у абласным цэнтры кепска, асабліва бракуе аўтобусаў - вялікая частка машын ужо даўно выпрацавала належны амартызацыйны тэрмін. Аўтобусы ці падоўгу стаяць на рамонце, ці ўвогуле на лініі няма чаго выпускаць...  Таму з'яўленне дзесяці новых МАЗ-216047, якія закупіў горад, было заўважана з вялікай радасцю. Але ж транспартныя сродкі выпусцілі на маршруты непадрыхтаванымі, і некаторыя пасажыры рызыкуюць атрымаць штраф за безбілетны праезд – але не па ўласнай віне.

Справа ў тым, што ў новых аўтобусах няма QR-кодаў для аплаты праезду. Між тым як на сённяшні дзень у Віцебску штомесяц каля 10 тысяч чалавек карыстаюцца гэтым сучасным віртуальным спосабам аплаты праезду.

Паводле генеральнага дырэктара ААТ «Віцебскаблаўтатранс» па перавозках і ідэалагічнай працы Віктара Кажуха, распрацоўка ўнікальных QR-кодаў транспартных сродкаў, увязаных з навігацыйнай сістэмай грамадскага транспарта, базамі дадзеных, якія забяспечваюць працу сістэм, патрабуе часу. Пасля гэтага іх трэба будзе раздрукаваць у размясціць у транспартных сродках, і гэта таксама зойме некалькі дзён.

Відавочна, праблема з транспартам настолькі вострая, што новыя аўтобусы «пусцілі ў працу» адразу – непадрыхтаванымі. А галоўнае – не папярэдзілі своечасова пасажыраў пра тое, што ім на няпэўны тэрмін давядзецца карыстацца іншымі спосабамі аплаты праезду.

Андрэй Сямёнаў