Аўторак, 17 Сакавік 2015

Віцебскі вінаробны завод – банкрут

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прызнаў банкрутам ААТ «Віцебскі вінаробны завод» (ААТ «ВітВін») і распачаў у дачыненьні да прадпрыемства конкурсную вытворчасьць, паведаміў судзьдзя Анатоль Гурэеў.

Вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтве) заводу распачатая пры канцы лістапада 2014 году з ініцыятывы самога даўжніка. Віцебскі гарвыканкам, які зьяўляецца трымальнікам 68,33% акцыяў, прызнаў немэтазгодным яго далейшае дасудовае аздараўленьне.

Па даручэньні суду падчас ахоўнага пэрыяду, усталяванага на 3 месяцы, праведзеная экспэртыза фінансавага стану акцыянэрнага таварыства за 2012-2014 гады. Выяўлена, што са студзеня 2013 году прадпрыемства зьяўлялася устойліва неплацежаздольным. Асноўнымі прычынамі такога становішча стала атрыманьне чыстай страты, якая назапашвалася на працягу некалькіх гадоў. На кастрычнік 2014 году сума неразьмеркаванай страты склала 12,6 мільярду рублёў.

Фактычна апошнія некалькі гадоў ААТ «ВітВін» фінансавала бягучую дзейнасьць за кошт крэдытаў, а ня ўласных сродкаў. Памер крэдыторскай запазычанасьці заводу ацэньваецца ў 25 мільярдаў рублёў. Вынікі экспэртызы пацьвердзілі фінансавую неплацежаздольнасьць прадпрыемства, што зьяўляецца падставай для прызнаньня яго банкрутам.

Эканамічны суд прызначыў антыкрызысным кіраўніком Вячаслава Юшчанку. Яму трэба будзе скласьці рэестар крэдытораў і даўгавых забавязаньняў акцыянэрнага таварыства, зрабіць захады па захаванасьці маёмасьці, а таксама падрыхтаваць два варыянты плянаў на будучыню прадпрыемства – яго санацыі або ліквідацыі.

Прадпрыемства заснаванае на пачатку 1930-х гадоў, у студзені 2002 году на базе маёмаснага комплексу заводу створанае ААТ «ВітВін». Спэцыялізуецца на вытворчасьці сідру і іншых пладовых вінаў, а таксама выпуску гарбаты і кавы. На канец лістапада 2014 году на прадпрыемстве працавалі 90 чалавек.

Крыніца: БелТА