Паводле намесніка старшыні гарвыканкаму Віктара Глушына, ніякага правапарушэння з боку ўдзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства не было.
Паводле аўтараў петыцыі, мерапрыемства было незаконным, і пра гэта сведчыць шэраг акалічнасцяў. Так, падчас мітынгу ўдзельнікаў не ахоўвалі міліцыянты і не пільнавала хуткая дапамога, як гэта прапісана ў заканадаўстве пра масавыя мерапрыемствы. Імпрэза праходзіла менш як за 5 метраў ад консульства Латвіі, што таксама пярэчыць палажэнням закону аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь.
Аўтары петыцыі прасілі, каб улады паказалі дазвол на правядзенне мітынгу, калі ён выдаваўся, або пакараць арганізатараў паводле артыкулу 24.23 КаАП за правапарушэнне.
Замест адказу па сутнасці, намеснік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын даслаў адпіску пра тое, што падчас правядзення святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, ніякіх правапарушэнняў «не ўстаноўлена».
Але ж і ніякага мітынгу каля консульства Латвіі ў праграме святкаванняў анансавана не было. Адпаведна, імпрэза была чыстай «самадзейнасцю» з удзелам «Белай Русі» і БРСМ, казакаў і партыйцаў з ЛДПБ. І калі міліцыя гэтага «не ўстанавіла» адразу, то ў Інтэрнэце ёсць шмат фота- і відэаматэрыялаў, дзе названыя арганізатары несанкцыянаванага мітынгу. Аказваецца, што праўладным структурам парушаць заканадаўства дазволена, тады як грамадскіх актывістаў караюць паводле артыкула 24. 23 КаАП без усялякае прычыны – то за чырвоныя палоскі на белых шкарпэтках, то за букет жоўтых і сініх кветак у руках.
Станіслаў Іваноўскі