У той дзень сілавікі жорстка разагналі дэманстрантаў з выкарыстаннем спецсродкаў: пажылому Віталю Кузнечыку распылілі слезацечны газ проста ў твар, а калі ён упаў – сталі збіваць. Сын Уладзіслаў кінуўся адбіваць бацьку і змог адвесці яго з месца сутыкнення. За гэта на абодвух мужчын завялі крымінальную справу па 364-м артыкуле Крымінальнага кодэксу Беларусі – гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні прадстаўніка ўлады. Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў.
Швецыя пакуль не дала Кузнечыкам прытулку, але атрымала прадпісанне ад Камітэту ААН супраць катаванняў не выдаваць іх са сваёй тэрыторыі. Улады Швецыі спрабавалі адмяніць гэтыя меры, але камітэт адмовіўся задаволіць іх патрабаванні, таму Кузнечыкі па-ранейшаму знаходзяцца на тэрыторыі амбасады. Выйсці за браму яны не могуць: ім пагражае неадкладны арышт і працяглы турэмны тэрмін.
У інтэрв'ю «Настоящему времени» бацька і сын Кузнечыкі распавялі, што не чакалі, што іх знаходжанне ў амбасадзе нагэтулькі зацягнецца, і сказалі, што ўмовы, у якіх яны жывуць, нагадваюць «турэмнае зняволенне, толькі з больш мяккімі ўмовамі». Яны таксама заявілі: «Маўчаць мы больш не можам: маўчанне ніяк нам не дапамагае. Цяпер усе павінны ведаць, у якой мы сітуацыі, што ўлады Швецыі, па сутнасці, нічога не робяць».
– Віталь, Уладзіслаў, добры дзень. Вы ўжо амаль паўтара гады знаходзіцеся на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Менску. Калі вы запісвалі сваё відэа ў верасні 2020 году, у дзень, калі вы апынуліся пад лесвіцай у двары амбасады, вы думалі аб тым, што ўсё можа так зацягнуцца?
– Добры дзень. У верасні 2020 года, калі мы апынуліся на тэрыторыі амбасады, вядома, мы не думалі, што гэта зацягнецца так надоўга. Найперш мы думалі, што ўсё ж улада ў Беларусі зменіцца на законную, што пройдуць новыя выбары, і мы вернемся дадому.
– Вы ўпершыню даяце відэаінтэрв'ю за гэтыя паўтара гады. Чаму вы раней гэтага не рабілі?
– Мы так доўга не давалі інтэрвʼю, па-першае, таму што баяліся за родных. Мы баімся, што як толькі да нас праяўляюць нейкую ўвагу, увага ўладаў можа быць праяўленая і да іх. Так і было – мы гэта таксама праз знаёмых даведваліся. І, адпаведна, зʼяўляецца ўвага адразу да амбасады – могуць быць праблемы і ў работнікаў амбасады. Але зараз мы разумеем, што маўчаць больш не можам, бо маўчанне ніяк нам не дапамагае. Цяпер усе павінны ведаць, у якой мы сітуацыі, што ўлады Швецыі, па сутнасці, нічога не робяць і як мага далей адцягваюць працэс з нашым пытаннем.
– Як вы лічыце, вы зараз на волі ці не? Як бы вы апісалі сваю сітуацыю?
– Мы зараз знаходзімся ў бяспецы, але назваць гэта свабодай ніяк нельга. Мы не можам выйсці ў горад прагуляцца, сустрэцца са сваімі роднымі. Я б гэта апісаў як турэмнае зняволенне, толькі з больш мяккімі ўмовамі – не такімі, вядома, у якіх цяпер знаходзяцца нашыя палітвязні.
Зразумела, нас тут ніхто не трымае, але мы разумеем: калі мы выйдзем за тэрыторыю амбасады, невядома, што з намі будзе. Натуральна, што мы за ўвесь гэты час ніколі не бачылі сваіх родных і блізкіх, гэта цяжка. Адзін плюс: што ў нас ёсць інтэрнэт і відэасувязь.
– Вы казалі, што сябры параілі вам Швецыю, як краіну, якая можа вам дапамагчы. Якія ў вас адчуванні зараз? Швецыя вам дапамагае?
– Амбасаду Швецыі нам параілі сябры, ды мы і самі чыталі ў інтэрнэце, што Швецыя – гэта адна з самых гуманных краінаў Еўропы, што ў любым выпадку нам дапамогуць, як бы там ні было. Але мы не думалі, што гэта ўсё зацягнецца.
– Паўгода таму, калі мы рыхтавалі папярэдні матэрыял пра вас, мы атрымалі каментар ад шведскага МЗС з фармулёўкай: «Мы вядзём дыялог з Кузнечыкамі». Як вы бачыце гэты дыялог з вамі з боку Швецыі і, у прыватнасці, з боку амбасады?
– Па сутнасці, на дадзены момант Швецыя нічога не робіць для таго, каб неяк нам дапамагчы. У самой амбасадзе да нас ставяцца добра, тут прэтэнзій ніякіх няма, канешне. Усім, чым трэба, нас забяспечваюць. Работнікі амбасады – у іх да нас добрае стаўленне, яны ўсё разумеюць, яны ўсё бачаць, што адбываецца ў краіне. Але менавіта ўлады Швэцыі – незразумела, што яны робяць. Яны нібыта спецыяльна зацягваюць наогул увесь працэс. І мы не ведаем, што будзе далей.
Дыялог са Швецыяй у нас ідзе праз працаўнікоў амбасады. Гэта значыць, па сутнасці, мы гаворым, якія ў нас праблемы, што нам трэба, якія пытанні трэба вырашыць, – мы ўсё перадаем работнікам амбасады, яны перадаюць у Швецыю, ну і нам даюць адказ. Але звычайна гэта зацягваецца надоўга, і адказаў як такіх канкрэтных няма.
– Таксама шведскія ўлады ў тым адказе згадвалі, што вы «праніклі на тэрыторыю амбасады без запрашэння і дазволу». Што вы можаце на гэта адказаць?
– На тэрыторыю амбасады, так, мы патрапілі незаконна, пераскочылі праз плот. Але да гэтага мы званілі ў дамафон амбасады, патлумачылі сваю сітуацыю, сказалі, што баімся за сябе, што невядома, што можа быць. Нас паслухалі, сказалі: «Мы нічым не можам дапамагчы». Ну і ўсё. У нас выйсця не было, акрамя як пераскочыць цераз плот.
Мы баяліся пераследу, бо мы ўжо тады знаходзіліся ў вышуку. У нас не было іншага выйсця. Мы ўжо ведалі праз сяброў, праз знаёмых, што нас шукаюць.
– Таксама ў тым відэа за 2020 год вы казалі, што «спадзеяцеся», што вас не выдадуць беларускім уладам. Мы бачым, што вас не выдалі. Але ў той жа час ваш юрыст казаў, што ў амбасадзе вам намякалі на тое, што, маўляў, «можа, вы самі выйдзеце адсюль?» Ёсць такія намёкі па-ранейшаму? Як вы думаеце, што адбудзецца, калі вы пакінеце тэрыторыю амбасады?
– Цяпер пра гэта нават і размоваў няма. Работнікі ўсё разумеюць, нашу сітуацыю, чым гэта можа скончыцца для нас: турмой і катаваннямі з большай верагоднасцю. Калі мы пакінем тэрыторыю амбасады, з намі можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Гэта значыць, як мінімум нас пасадзяць у турму, таму што на нас [заведзена] некалькі крымінальных справаў ужо, як нам вядома. А ў беларускіх турмах зараз робіцца жах. Там і катуюць людзей, і забойствы ёсць, і тыя, якія скончылі самагубствам нібы. Гэта значыць, тут ніхто не ведае, як будзе на самой справе.
– Што самае складанае было (і ёсць) за гэтыя паўтара гады?
Уладзіслаў: Самае складанае для мяне ў знаходжанні тут – гэта тое, што я не магу бачыць сваіх дзяцей: як яны растуць, як развіваюцца. Не магу з імі побач знаходзіцца.
Віталь: Мы не можам бачыць сваіх бацькоў, не можам сваіх сяброў бачыць, з якімі мы кожны дзень размаўлялі, – гэта маральна цяжка. Ну а так, у прынцыпе, да ўсяго прывыкаеш. Тут свой свет. Адзінае, праблемы са здароўем толькі ёсць.
– Уладзіслаў, калі мы размаўлялі з вамі паўгода таму, вы таксама скардзіліся на праблемы са здароўем і наракалі, што не можаце прайсці абследаванне ў анколага. А вы, Віталь, гаварылі пра праблемы са зрокам і з сэрцам. Ці атрымалі вы нейкую дапамогу?
– Наконт медычнай дапамогі і медычнага абследавання. Па сутнасці, нам даць гэтую дапамогу не змаглі – лекараў у амбасадзе няма, абсталяванне, адпаведна, паставіць сюды не могуць. З такім захворваннем, як ва Ўлада, немагчыма правесці абследаванне на тэрыторыі амбасады, таму што там патрэбна складанае абсталяванне: камп'ютарная тамаграфія і шмат яшчэ розных.
Уладзіслаў: Самае галоўнае – гэта анкалогія, больш за ўсё я за гэта перажываю. Я адчуваю, што ў вазе страціў, у мяне частыя галаўныя болі – шмат ёсць розных сімптомаў. І ўсе ведаюць пра гэта, супрацоўнікі амбасады ведаюць, адпаведна, і ўлады Швецыі пра гэта ведаюць. Але нічым, як яны гавораць, дапамагчы не могуць. Так, могуць нейкія лекі набыць. Калі нешта нам трэба з вітамінаў нейкіх яшчэ, лекаў, калі мы ўпэўненыя ў тым, што нам гэтыя лекі дапамогуць, мы можам гэта замовіць – нам купляць усё без праблем. Ну а нейкага руху па нашым пытанні, па медычнай дапамозе няма: лекараў нам сюды не могуць даслаць, нічога.
Віталь: Са зрокам – у мяне пагаршаецца зрок. Адзінае, чым мне маглі ў амбасадзе дапамагчы, – гэта купілі акуляры мне, для таго каб я мог чытаць. Ну яшчэ турбуе сэрца – у мяне часта баліць сэрца, зрок, пацямненне ў вачах бывае частае. Стан не вельмі добры. Трэба праводзіць медычнае абследаванне, але тут яго немагчыма правесці.
– Ваш юрыст Вадзім Драздоў (ён займаецца абаронай ад дэпартацыі, высылкі і экстрадыцыі) нядаўна дамогся таго, каб Камітэт супраць катаванняў ААН прызнаў вашу скаргу прымальнай: гэта можа прымусіць улады Швецыі прадпрымаць нейкія дзеянні. Як вы думаеце, рашэнне Камітэту нешта памяняе?
– Так, Вадзім, наш юрыст, вельмі шмат чаго дамогся, вялікі яму дзякуй. (Сутнасць справы: Швецыя настойвала, што Кузнечыкі не знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Швецыі, але Камітэт ААН вырашыў, што бацька і сын знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Швецыі, а на тэрыторыі Беларусі ім сапраўды пагражаюць катаванні, таму пагадзіўся разгледзець скаргу Кузнечыкаў на амбасаду Швецыі па сутнасці – «НВ».)
Але адказ Камітэту ААН будзе толькі ў красавіку, гэта значыць, на наступнай сесіі. Яны не збіраюцца нешта рабіць хутка. Яны разумеюць, што ў нас праблемы са здароўем, але, як нам зараз ужо зразумела, яны максімальна будуць адцягваць гэты працэс, то бок на кожнай сесіі будуць нейкія адпіскі, як мы разумеем.
Яны сказалі: «На наступнай сесіі чакайце нейкага нашага адказу». А потым можаце чакаць яшчэ, можа, пагады, можа, год ці яшчэ невядома колькі. Гэта значыць, усё гэта зацягваецца на нявызначаны тэрмін. Як мы разумеем, яны прынцыпова гэта расцягваюць, спецыяльна.
– Раскажыце, калі ласка, як вы зараз ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі?
– У Беларусі зараз вельмі цяжкае палітычнае становішча: у краіне працягваюцца рэпрэсіі, кожны дзень паступаюць навіны, што людзей арыштоўваюць, саджаюць, прыгаворваюць да «сутак», прыгаворваюць да турэмных тэрмінаў, адкрываюць крымінальныя артыкулы па надуманых прычынах. Ну, значыць, тэрор ідзе поўнай хадой. Такое адчуванне, што мы зараз трапілі ў 1937 год, калі былі сталінскія рэпрэсіі. Гэта аналогія адзін да аднаго.
Па сутнасці, маразм даходзіць да таго, што людзей проста затрымліваюць за бела-чырвонае адзенне. То бок, гэта як было і ў 2020 годзе, так і ў гэтым. Нядаўна знаёмых у мяне так затрымалі ў кавярні за бела-чырвонае адзенне. Каму штраф, каму суткі. Пра што тут можна казаць, калі маразм поўны?
Затрымліваюць за каментары ў сацсетках, калі камусьці нешта не спадабалася з органаў. Затрымліваюць за старыя фатаграфіі, за старыя відэа, хто на пратэстах засвяціўся. Як мы ведаем, там «ціхары» здымалі вельмі шмат відэа, таму людзей зараз па гэтых матэрыялах выдзіраюць і прыгаворваюць да тэрмінаў.
Рэпрэсіі працягваюцца. Я б сказаў, яны нават не працягваюцца, але яшчэ больш узмацняюцца. І ідзе гэта хвалепадобнае – то крыху знізіцца ўзровень рэпрэсій, то яны зноў адновяцца з новай сілай.
– Вы хочаце сказаць нешта, чаго мы не спыталі, ці звярнуцца да кагосьці?
– Хочацца падзякаваць і перадаць прывітанне палітвязням, усім зняволеным, хто знаходзіцца ў турмах па палітычных матывах. Мы бачым, што людзі не здаюцца, нават седзячы ў турмах. Гэта ўстойлівыя людзі, сапраўдныя патрыёты Беларусі.
Мы разумеем, што ім значна горш, чым нам. У нас тут, у прынцыпе, калі параўноўваць з імі, ідэальныя ўмовы, у нас усё ёсць: ежа, усё. Ім рэальна павага – гэта людзі, якія яго вартыя. Гэта будучыня, будучыня нашай Беларусі. Яны будуць на чале нашага ўраду і будуць развіваць краіну далей.
Таксама павага, вядома ж, незалежным СМІ, якія рэальную абстаноўку ў краіне паказвалі, пакуль была магчымасць. Ну і родным і блізкім нашым таксама дзякуй за дапамогу, за падтрымку, і сябрам – усім прывітанне. Жыве Беларусь!