У сваім выступе Ігар Барысаў зрабіў невялікі экскурс у партыйнае мінулае, прыгадаў, што да 1996 году ў Вярхоўным Савеце была нават сацыял-дэмакратычная фракцыя з 15-18 дэпутатаў. У параўнанні з тым часам сітуацыя пагоршылася, але, па словах старшыні, 2020 год паказаў, што нават у неспрыяльных умовах арганізацыя здольная да самааднаўлення. Пасля выбарчай кампаніі ў партыю прыйшлі новыя сябры з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, добрым эканамічным становішчам, вышэйшай адукацыяй. Аднавіліся партыйныя суполкі ў Гомлі і Пінску.
Барысаў звярнуў увагу і на існаванне пэўных праблем, якія перашкаджаюць партыйнаму будаўніцтву. Заўважыў, што ў сувязі з рэпрэсіямі на грамадства мала людзей выказваюць гатоўнасць ісці ў публічную палітыку. Таксама існуе праблема змены пакаленняў: шэраг сябраў сталага веку – і яны ўжо не такія актыўныя, як раней. Існуе праблема амаладжэння арганізацыі. Гэта тычыцца і Віцебску.
Лідар партыі паведаміў, што БСДП распрацавала пакет рэформаў, якія яна гатовая прапанаваць выбарцам ва ўмовах свабодных і справядлівых выбараў. Распрацаваны нават уласны праект Канстытуцыі. Таксама законы аб міліцыі, судовай сістэме, праекты аб палітычных партыях, упаўнаважаных у правах чалавека, праект рэформы пенсійнай сістэмы.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі ва ўчастковыя камісіі БСДП вылучыла рэкордныя для сябе 224 чалавекі. Арганізацыйныя структуры зарэгістраваныя ва ўсіх абласных цэнтрах, яны маюць свае офісы.
Ігар Барысаў нагадаў партыйцам пра перавагі сацыял-дэмакратычнай ідэалогіі, пра якія мусяць ведаць людзі. Ён адзначыў, што толькі сацыял-дэмакраты могуць гарантаваць грамадзянам добрую сацыяльную абарону, бо аснова дзейнасці для грамадоўцаў – вырашэнне сацыяльных патрэбаў.
Пасля змены рэжыму, лічыць Барысаў, новая ўлада мусіць укладаць сродкі найперш у адукацыю і медыцыну. Галіны, развіццё якіх паспрыяе развіццю краіны ўвогуле.
Што тычыцца дзяржаўнай маёмасці, дык, па словах Барысава, яна патрабуе пэўнага скарачэння, але пры захаванні формулы: «Тое, што працуе эфектыўна, незалежна ад формы ўласнасці, мусіць працаваць і надалей».
Сярод негатыўных перспектыў для дэмакратычных партый у Беларусі Барысаў назваў рэалізацыю ў краіне расейскага сцэнару, калі ў парламент будуць дапушчаныя чатыры праўладныя партыі. Клоны расейскіх партый «Справядлівай Расія», «КПРФ», «ЛДПР», «Адзіная Расія» у Беларусі ўжо створаныя( «Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці», «КПБ», «ЛДПБ», «Белая Русь»). Пры пэўных умовах гэтая задума можа быць рэалізаваная.
Бліжэйшай задачай для партыі Барысаў назваў удзел у парламенцкіх выбарах.
С. Горкі