Пятніца, 18 Верасень 2020

Гарадзкая пракуратура Віцебску вынесла папярэджаньне Канстанціну і Тацяне Севярынцам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Тацяна і Канстанцін Севярынцы Тацяна і Канстанцін Севярынцы

17 верасьня гарадзкая пракуратура Віцебску азнаёміла Канстанціна і Тацяну Севярынцаў з афіцыйным папярэджаньнем, вынесеным у сувязі зь іх удзелам у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Падпісваць папярэджаньне пракуратуры Севярынцы адмовіліся.

Як патлумачыла Тацяна Севярынец, выклік у пракуратуру і вынясеньне папярэджаньня абурылі яе да глыбіні душы. Яна нагадала намесьніцам пракурора, зь якімі сустракалася,  пра сваё незаконнае звальненьне за два гады да пэнсіі, пра сфабрыкаваную супраць свайго сына справу, пра паклёп на сябе і сваю паплечніцу ў інтэрнэце,  пра фальсыфікацыі ў часе выбарчай кампаніі. Ва ўсіх гэтых выпадках пракуратура самаўхілілася ад выкананьня сваіх наўпроставых абавязкаў і ня стала на абарону інтарэсаў грамадзянаў.

“Я буду  рабіць так, як палічу патрэбным. Буду здольная выйсьці - буду выходзіць. Буду здольная ўзьняць бел-чырвона-белы сьцяг - дык уздыму яго”, – сказала Тацяна Севярынец.

Канстанцін Севярынец запатрабаваў патлумачыць супрацоўніц пракуратуры, у сувязі з чым папярэджаньне выносіцца і яму, бо ён хварэе, з дому амаль не выходзіць і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах не бярэ. Адказу на сваё пытаньне Севярынец не атрымаў.

Дзіўным выглядае і папярэджаньне пра тое, што ў выпадку невыкананьня патрабаваньняў пракуратуры можа наступіць і крымінальная адказнасьць паводле арт. 369 КК. Артыкул мае вельмі шырокую трактоўку, але якую ягоную частку мелі на ўвазе супрацоўніцы пракуратуры, яны Севярынцам не патлумачылі.

На дадзены момант агульная колькасьць штрафаў, атрыманых Тацянай Севярынец, складае 160 базавых велічынь.

С. Горкі