Пятніца, 14 Чэрвень 2019

Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка атрымалі мэдалі да 100-годзьдзя БНР

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Барыс Хамайда пасьля ўручэньня мэдаля Барыс Хамайда пасьля ўручэньня мэдаля

Мэдаль да 100-годзьдзя БНР уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 году, у тым ліку – за барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. 13 чэрвеня гэтую ганаровую ўзнагароду атрымалі віцябляне Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка.

Мэдаль лаўрэатам уручыў першы заступнік старшыні Рады БНР, журналіст і палітык Сяргей Навумчык. Замест Сяргея Каваленкі, якога на гэты момант не было ў горадзе, узнагароду атрымала ягоная жонка Алена Каваленка.

Сяргей Каваленка быў уганараваны мэдалём да 100-годзьдзя БНР “на знак прызнаньняў заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху”. Уручаючы мэдаль, Сяргей Навумчык зазначыў, што Сяргей Каваленка зрабіў “вельмі важны і мужны сымбалічны ўчынак”, “учынак на 10-годзьдзі”. Нагадаем, што ў 2010 годзе Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на каляднай ялінцы ў цэнтры Віцебску. Быў асуджаны спачатку на тры гады ўмоўна, потым – на 2 гады калёніі, у турме трымаў сухую галадоўку.

Мэдаль за Сяргея Каваленку атрымала ягоная жока Алена

Легендарнага віцебскага апазыцыянэра Барыс Хамаду ўганаравалі мэдалём як “змагара ў нацыянальным і дэмакратычным руху”.

“Калі Сяргей Каваленка зрабіў сымбалічны ўчынак, то Барыс Ханонавіч сам стаўся сымбалем Віцебску”, – сказаў на імпрэзе Сяргей Навумчык.

У кароткай прамове пасьля ўручэньня ўзнагароды Барыс Хамайда выказаў падзяку Радзе БНР і яе старшыні Івонцы Сурвіле за высокую ацэнку яго дзейнасьці і сказаў, што гонар атрымаць узнагароду падзяляе зараз зь іншымі людзьмі, хто яго падтрымліваў цягам многіх гадоў.

“За гэтай узнагародай стаіць вялікая група людзей, якія амаль 30 год падтрымлівалі мяне. Таму што ўсе гэтыя 30 год я павінен быў нешта есьці, у штосьці апранацца, набываць бел-чырвона-белыя сьцягі ды шмат чаго яшчэ. І вось гэтую групу жывых і памерлых я прадстаўляю тут зараз. Вялікі ім дзякуй усім, усім гэтым людзям!” – сказаў Барыс Хамайда.

Паводле Сяргея Навумчыка, мэдалём да 100-годзьдзя БНР узнагароджаныя ўжо больш за 100 чалавек. Неўзабаве мэдалі будуць уручаныя Станіславу Шушкевічу, Сьвятлане Алексіевіч, Уладзімеру Арлову ды іншым асобам.

Сяргей Навумчык

Пытаньне, ці атрымае мэдаль палітвязень Міхаіл Жамчужны, застаецца пакуль адкрытым.  

Статут мэдаля да стагодзьдзя БНР быў зацьверджаны 23 сакавіка 2018 году.

Зьміцер Міраш, фота аўтара