На пачатку сустрэчы экс-кандыдат у прэзыдэнты папярэдзіў аўдыторыю, што тэмай ягонай прамовы будзе ня столькі стаўленьне Эўропы да Беларусі ў палітычным сэнсе і працэсы, якія там адбываюцца, колькі асабістыя назіраньні і ўласны досьвед, набыты за мяжой.
Выступоўца прыгадаў, што першы раз межы Беларусі ён перасек у 1993 годзе. Гэта была тыднёвая паездка ў Італію – вазіў на аздараўленьне беларускіх дзяцей з чарнобыльскай зоны. Тады ён упершыню змог параўнаць цывілізацыйны разрыў паміж Беларусьсю і Эўропай.
У Польшчы да беларусаў ставяцца з прыхільнасьцю
Наступнай была паездка на паўгадавое навучаньне ў Польшчу. Паводле Алеся Міхалевіча, Польшча 1995 году па ўзроўні жыцьця была горшай за сёньняшнюю Беларусь. Адаптацыя не запатрабавала асаблівых намаганьняў. У студэнцкім інтэрнаце давялося жыць у трохмясцовым пакойчыку зь дзецьмі простых польскіх сялян, якія ня ведалі ніякай іншай мовы, акрамя роднай. Сытуацыя вымусіла як мага хутчэй вывучыць польскую.
Тады, у 1995-м, беларускіх студэнтаў у Польшчы можна было пералічыць на пальцах адной рукі. Сёньня іх колькасьць сягае блізу тысячы толькі ў адной Варшаве, а на ўсю Польшчу гэта тысячы нашых суграмадзян, якія там вучацца.
У Польшчы дапамагала тое, што на вызваленых ад немцаў землях у Заходняй Польшчы жыве шмат беларусаў, якія перасяліліся туды пасьля вайны. З гэтай нагоды спадар Алесь прыгадаў эпізод, які адбыўся некалькі пазьней, але вельмі запоўніўся.
«Еду я ў аўтобусе, і раптам званок на мабільнік. Адказваю па-беларуску. Стараюся размаўляць гэтак, каб мяне асабліва ніхто ня чуў. І тут да мяне ўздымаецца дзядок ды кажа:
– Ты адкуль будзеш?
– Я сам зь Менску, – адказваю. – А Вы адкуль?
– А я з-пад Валожына!
Цудоўная беларуская мова. Натуральная. І гэтыя людзі далі добры пазытыўны імідж Беларусі».
«Уражвала і тое, што ў абсалютнай большасьці палякі заўжды ставіліся да беларусаў прыхільна і пазытыўна. Гэта адчувалася на кожным кроку. Асабліва такія настроі панавалі сярод інтэлігенцыі, выкладчыкаў унівэрсытэту. Некаторыя рэчы ўражвалі: так, адзнака за пераздачу экзамэну ніяк не залежыць ад таго, заваліў ты іспыт зь першага разу ці не. І гэта мяне моцна зьдзівіла. Да таго ж прафэсарка, якой я ня здаў іспыт, мала што мела абсалютна ненатуральны колер валасоў, яшчэ й прымала пераздачу ў сваім прафэсарскім пакойчыку, палячы адну цыгарэтку за другой. У Беларусі хіба што да сёньняшняга часу калі ты зь першага разу ня здаў іспыт, то ў другі раз можаш прэтэндаваць толькі на тройку».
Прыемны момант у Брытаніі
У 1996 годзе – паездка ў Оксфард. У Брытаніі будучаму палітыку давялося сутыкнуцца з тым, што пераважная большасьць брытанцаў ня ведала і не цікавілася Беларусьсю. Гэтая акалічнасьць шакавала. Выявілася, што Беларусь – усяго толькі адна зь дзясяткаў краінаў, якія спаборнічаюць за цікавасьць эўрапейцаў. Тады адбылася і сустрэча з айцом Аляксандрам Надсанам, зь якім рабіліся сумесныя мерапрыемствы пра Беларусь у Оксфардзе.
«Запомнілася адна сустрэча на вуліцы. Сярод нас была адна дзяўчынка зь сям'і вайскоўца. Аднойчы на вуліцы незнаёмы хлопец па-ангельску запытаў: «Адкуль вы?», яна адказала: «Мы з Расеі, зь Менску!» Мы былі разам з Алесем Лагвінцом. І нас такі адказ абурыў. Не да спадобы ён прыпаў і хлопцу, які запярэчыў: «Але ж гэта Беларусь!», і гэты момант стаўся нечакана прыемным».
У Канадзе адрозьніваюць Беларусь і Расею
Пасьля таго, як Алесь Міхалевіч быў уганараваны прэміяй канадзкага парлямэнту ў галіне правоў чалавека і дэмакратычнага разьвіцьця, ён трапіў у Канаду. На сустрэчы, зладжанай чалавек на трыста з нагоды ўручэньня прэміяў, да яго падышлі чалавек дваццаць канадцаў, якія распавялі пра тое, што маюць карані ў Беларусі. Што праўда, бальшыня гэтых людзей былі габрэйскага паходжаньня, але ў кожным разе, як кажа палітык, было прыемна, што яны адрозьніваюць Беларусь і Расею. Тым больш, што іхныя бабулі і дзядулі нарадзіліся да 1917 году, калі наша краіна была ў складзе Расейскай імпэрыі.
Чэская рэальнасьць
Пасьля таго, як у 2010 годзе Алесь Міхалевіч балятаваўся ў прэзыдэнты, ён вымушаны быў зьехаць зь Беларусі. Прычынай эміграцыі стаўся арышт, катаваньні і ціск на яго з боку КДБ. У выніку дзеля вызваленьня палітык вымушаны быў пагадзіцца на супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Пасьля выхаду з «амэрыканкі», ён сабраў прэс-канфэрэнцыю і паведаміў журналістам, што ў абмен на свабоду вымушаны быў падпісаць дамову аб супрацы. Каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў, давялося зьехаць з краіны ў Чэхію, якую, здавалася, добра ведаў, і ў якой меў шырокія сувязі сярод палітыкаў.
Чэская рэальнасьць некалькі шакавала. Калі ранейшыя зносіны былі з палітычнай элітай краіны, то ў рэальным жыцьці давялося кантактаваць са звычайнымі людзьмі. Выявілася, што ёсьць звычайная Чэхія, якой ён ня ведае. Першай працай была праца мэнэджэра на заводзе. Усіх выхадцаў з былога СССР чэхі ўспрымалі як расейцаў. Да таго ж унутранае стаўленне да эмігрантаў з Расеі вельмі неталерантнае, хаця зьнешне гэта ніяк не праяўляецца. Таму непрыемна было адчуваць сябе найлепшым сярод нелюбімых чэхамі расейцаў.
Падчас жыцьця ў Чэхіі спадар Міхалевіч чытаў невялікі спэцкурс па Ўсходняй Эўропе ў адным з амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Дык вось, у тую пару ў яго, як выкладчыка, быў гэтакі жарт. Тлумачачы месцазнаходжаньне Беларусі, і дзеля лепшага засваеньня, ён казаў, што Расея знаходзіцца паміж Беларусьсю і Кітаем. Жарт заўжды праходзіў сярод студэнтаў з Эўропы. А вось амэрыканскія студэнты, далёкія ад мясцовых рэаліяў, жарту не разумелі і моўчкі запісвалі сказ у свае сшыткі.
«Нам падаецца, што нашыя падзеі павінныя цікавіць усіх, але гэта ня так. І такія выпадкі, і сама эміграцыя дапамагае зразумець, што Беларусь і беларусы – невялікая частка вялікага сьвету. І цяпер, калі я працую адвакатам і ўваходжу ў некалькі прэстыжных эўрапейскіх асацыяцыяў, калі я бяру слова і кажу, што я паходжу зь Беларусі, то бачу велізарную цікавасьць да нашай краіны. Людзі заўважаюць, што сярод іх прысутнічаюць некалькі чалавек з Польшчы, некалькі з Францыі, зь іншых краінаў, і адзін зь Беларусі, – гэта абуджае інтарэс. Людзям цікава паглядзець, што гэта за чалавек, тым больш, што геаграфічна яны ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь. Таму ў беларусаў на сёньня ёсьць магчымасьць рабіць на будучыню, каб нас эўрапейцы пабачылі зь лепшага боку, каб пра нашу краіну склаўся найлепшы імідж, які дазволіць беларусам добра жыць у агульнаэўрапейскім доме».
Другая частка, па часе ня меншая за першую, была цалкам прысьвечаная адказам на пытаньні прысутных. Пытаньні тычыліся як эўрапейскай тэматыкі, так і ўнутрыбеларускім праблемам.
https://vitebskspring.org/news/roznae/item/3072-ales-mikhalevich-padzyaliusya-z-vitsebchukami-svaimi-nazirannyami-ab-europe#sigProId44d1329df0
С. Горкі