Серада, 23 Студзень 2019

У Воршы прайшло абмеркаваньне грамадзкіх слуханьняў

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Круглы стол арганізавалі рух «За свабоду» і фундацыя імя Льва Сапегі. Грамадзкія актывісты абмеркавалі эфэктыўнасьць і справядлівасьць тых грамадзкіх слуханьняў, якія рэгулярна праходзяць у краіне.

Першым выступіў на дыскусіі былы старшыня Бараньскага выканкаму Юры Нагорны, які ўвёў прысутных у тэму, распавёўшы, што сягоньня дэпутатка парлямэнту Ганна Канапацкая рыхтуе зьмены ў законе аб грамадзкіх слуханьнях, і вынікі аршанскага круглага стала непасрэдна стануць часткай будучых заканадаўчых зьменаў.

Другім слова ўзяў рэдактар ​​сайту orsha.eu Ігар Казьмярчак. Ён адзначыў, што пры ўсёй пазытыўнасьці ідэі грамадзкіх слуханьняў яны маюць шэраг праблемаў, з-за якіх амаль не працуюць і не даюць таго плёну, які маглі б. Так, чыноўнікі арганізуюць грамадзкія слуханьні з досыць фармальным падыходам, і часьцяком нават зацікаўленыя людзі могуць ня ведаць, што абмяркоўваецца нейкае рашэньне. Мабыць, з-за гэтага грамадзяне неактыўна выказваюць свае прапановы, нават на абмеркаваньні генэральнага пляну гораду. Больш таго, выказаныя грамадзянамі прапановы часьцей за ўсё чыноўнікамі ня ўлічваюцца, і праекты не карэктуюцца. Перш за ўсё, з-за нежаданьня карэктаваць праекты – плаціць дадатковыя сродкі праектантам. Як вынік: досыць спрэчныя рашэньні, якія ўключаныя, у тым ліку, у генплян.

Пра тое, якія юрыдычныя падставы ёсьць сягоньня для правядзеньня грамадзкіх слуханьняў, распавёў экспэрт фундацыі імя Льва Сапегі Андрэй Завадзкі.

У заключэньне ўдзельнікі ў фармаце дыскусіі абмеркавалі, як жа можна паправіць сытуацыю, каб грамадзкія слуханьні сталі больш эфэктыўнымі і менш фармальнымі. Быў выпрацаваны шэраг прапановаў. Мабыць, галоўная зь іх – грамадзкія слуханьні павінны пачынацца раней, чым будуць створаныя пляны, каб зацікаўленыя былі ўключаныя ў працэс абмеркаваньня яшчэ на этапе праектаваньня, а ня толькі выказвалі свае думкі па выніках, калі ўжо ніхто ня будзе мяняць аплачаны праект.

orsha.eu