Панядзелак, 31 Снежань 2018

Інфармацыйны дзень аб праграме Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу прайшоў у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На сустрэчу, што адбылася 26 сьнежня ў арт-пабе «Торвальд», былі запрошаныя мясцовыя актывісты няўрадавых арганізацыяў, журналісты і прадстаўнікі мясцовай улады. Людзей сабралася няшмат, а віцебскія чыноўнікі наогул праігнаравалі запрашэньне.

Усходняе партнэрства – гэта праект Эўрапейскага Зьвязу, накіраваны на разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў Эўразьвязу з краінамі былога СССР: Беларусьсю, Азэрбайджанам, Армэніяй, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. У кожнай з названых краін ён разьвіваецца на розных узроўнях: недзе больш пасьпяхова, а дзесьці, як напрыклад у нашай краіне, менш.

Акрамя фармальных пунктаў праграмы, такіх як знаёмства з Форумам грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства і прэзэнтацыі розных дасьледаваньняў і праектаў, мерапрыемства мела і цалкам канкрэтную мэту – выпрацаваць прапановы мясцовай грамадзянскай супольнасьці наконт супрацы Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу, а таксама атрымаць зваротную сувязь ад удзельнікаў.

Сьвятлана Каралёва, каардынатарка праекту «Эўрапейскі Зьвяз і Беларуская нацыянальная пляцформа», якая выступала ў якасьці мадэратара, гэтак акрэсьліла сэнс сустрэчы, што адбылася:

– Беларуская нацыянальная пляцформа ня мае выразнай палітыкі па працы з рэгіёнамі. Я адразу кажу, што гэта наш такі першы досьвед, і нам будзе важная ваша зваротная сувязь наконт таго, якую нам данесьці да вас інфармацыю. Бо зразумела, што мы працуем на абсалютна нацыянальным узроўні – мы лабіюем, адвокатуем. Але на сустрэчы кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу спадарыня Віктарын сказала пра адзін вельмі важны прыярытэт, які ня ёсьць прыярытэтам Беларускай нацыянальнай пляцформы, хоць для вас ён вельмі важны, – гэта разьвіцьцё рэгіёнаў. Што гэта значыць? Гэта значыць, што Вы будзеце прыярытэтам. Ня Менск, ня цэнтар, а рэгіёны.

З прэзэнтацыі можна было даведацца, якія праекты фінансуе і падтрымлівае Эўрапейскі Зьвяз на тэрыторыі Віцебскай вобласьці. Іх налічваецца каля дваццаці, вось толькі некаторыя:

  • PubLiCity: энэргаэфэктыўная мадэрнізацыя вулічнага асьвятленьня ў горадзе Полацку.
  • Падтрымка пераходу да зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь.
  • «Павестка дня 50». Правы інвалідаў: павестка дня для Беларусі.
  • Браслаўскі раён – першы кліматычна нэўтральны муніцыпалітэт у Беларусі.
  • Падтрымка ўстойлівага разьвіцьця турызму ў Беларусі.

Варта адзначыць, што большасьць праектаў Эўразьвяз рэалізуе супольна зь мясцовымі органамі ўлады. Няўрадавыя арганізацыі амаль адхіленыя ад удзелу ў іх. Так, згодна з дадзенымі, якія прагучалі падчас дыскусіі, з 120 мільёнаў эўра ў год, якія выдаткоўваюцца Эўрапейскім Зьвязам на Беларусь, толькі 10-11% прыпадае на грамадзянскі сэктар, астатнія грошы асвойваюцца чыноўнікамі.

Закраналася на сустрэчы і тэма правоў чалавека: 

– Вельмі важны дыялёг, які праходзіць і які зьяўляецца фарматам ўзаемадзеяньня паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю, – гэта дыялёг па правох чалавека. Я хачу сказаць, што мы амаль што адзіная краіна, дзе ёсьць адмысловае месца для дыялёгу па правох чалавека, бо ў гэтай галіне ў нас няма сур'ёзныя зрухаў, і праходзяць вельмі сур'ёзныя перамовы паміж нашым урадам і Эўрапейскім Зьвязам на гэтую тэму. І Вы пабачыце, якая ж роля грамадзянскай супольнасьці ў гэтым пытаньні, і што робіць грамадзянская супольнасьць дзеля таго, каб наш голас быў пачуты, – адзначыла Сьвятлана Каралёва.

Напрыканцы сустрэчы прайшоў невялікі мазгавы штурм – удзельнікам, якія падзяліліся на групы, было прапанавана сфармуляваць і напісаць агульнае меркаваньне на тэмы:

  • Праграмы, накірункі дзейнасьці, якія Эўрапейскі Зьвяз можа падтрымаць у Віцебскім рэгіёне.
  • Рэкамэндацыі па наладжваньні канструктыўнага дыялёгу грамадзянскай супольнасьці зь мясцовымі ўладамі.

Уладзімер Бяляўскі

Залагініцца каб дадаць камэнтары