Расьсьледаваць заяву даручылі ўчастковаму інспэктару Чачулаву І.М. У межах расьсьледаваньня апошні зьвярнуўся з запытам да «кіраўніка ТАА ГУГЛ» на маскоўскі адрас, каб той паведаміў ІР-адрас асобы, якая стварыла на іх рэсурсе згаданы фэйкавы электронны акаўнт. Адказу Google ня даў. У выніку адміністрацыйная справа спыненая ў сувязі з тым, што правапарушальнік ня высьветлены.
Заяўнік Мікола Шарах незадаволены працэдурай праведзенага расьсьледаваньня: «Агульнавядома, што Гугл не супрацоўнічае з уладамі і не выдае інфармацыю аб сваіх кліентах, таму не было сэнсу туды рабіць запыт. Каб знайсьці зламысьніка, было дастаткова зьвярнуцца ў Белтэлекам і запытаць інфармацыю аб тым, зь якога ip былі адпраўленыя гэтыя электронныя лісты – скрын з адрасамі атрымальнікаў быў далучаны да заявы».
Аднак міліцыя пайшла па заведама тупіковым шляху, запрошваючы ў Гугла ІР стваральніка электроннага адрасу, і вядома, не знайшла правапарушальніка, – лічыць спадар Мікола.
«Мяркую, яны і не зьбіраліся яго шукаць. У змаганьні зь Белсатам і блогерамі яны ведаюць, куды трэба адпраўляць запыт, каб атрымаць патрэбны адказ. Акрамя таго, сама пастанова пра спыненьне справы (вынесеная намесьнікам начальніка Полацкага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Максімам Кірпічонкам) напісаная са шматлікімі памылкамі і неадпаведнасьцямі, таму будзе мною абавязкова абскарджаная», – сказаў Мікола Шарах.
Нагадаем, што тэкст электроннага ліста ў абласны суд Віцебску ад нявысьветленай асобы з абразьлівым зьместам на адрас прафсаюзных актывістаў быў далучаны судзьдзёй Натальляй Хількевіч да матэрыялаў судовай справы пра забарону страйку на полацкім заводзе «Шкловалакно».
Аляксандар Марозаў