Ад першасных суполак на гарадзкую канфэрэнцыю было выбрана сем дэлегатаў. Удзел у працы канфэрэнцыі ўзяў і старшыня абласной арганізацыі Станіслаў Храпавіцкі.
Шляхам адкрытага галасаваньня дэлегаты абралі раду гарадзкой арганізацыі, рэвізора, а кіраўніком пры агульнай згодзе стала Ірына Яскевіч. З чым яе і павіншаваў Станіслаў Храпавіцкі. Затым дэлегаты зацьвердзілі сьпіс асобаў, прапанаваных на абласную канфэрэнцыю.
У вольнай дыскусіі ўдзельнікі партыйнай канфэрэнцыі выказалі свае заўвагі наконт ранейшай працы арганізацыі і пажадалі новаму кіраўніку плённай работы на новай ніве. Кожны з прысутных меў магчымасьць выказаць свае прапановы адносна канкрэтных справаў, якія б у бліжэйшы час не зашкодзіла правесьці гарадзкой суполцы АГП.
У сувязі з тым, што шэраг чальцоў арганізацыі выехалі на пастаяннае месца жыхарства за межы краіны ці на працу ў прылеглыя да Беларусі дзяржавы, першаснай задачай для новага старшыні стане рэвізія сяброў гарадзкой арганізацыі і наладжваньне партыйнай працы ў раённых суполках АГП.
Пры канцы канфэрэнцыі было прапанавана ўшанаваць памяць колішніх кіраўнікоў гарадзкой арганізацыі АГП Алены Залескай і Андрэя Рэзьнічэнкі ды найбліжэйшым часам наведаць месцы іх вечнага спачыну.
С. Горкі