У першым томе статыстычнага зборніка «Рэгіёны 2016» Нацстаткамітэт у разьдзеле «Правапарушэньні» прыводзіць дадзеныя па злачыннасьці сярод непаўнагадовых у абласьцёх і раёнах краіны. Па Гарадоцкім раёне за 2015 год афіцыйна зарэгістравана 15 злачынстваў сярод непаўнагадовых. Гэта больш, чымся ў любым іншым раёне Віцебскай вобласьці, дзе зафіксавана, як правіла, менш за 10 злачынстваў непаўнагадовых цягам году. Напрыклад, у суседнім Шумілінскім раёне зафіксаваныя 4 злачынствы, а ў Віцебскім раёне – 6. Бліжэй жа за ўсіх да Гарадоцкага раёну па непаўнагадовай злачыннасьці стаяць Талачынскі раён – 13, і Лёзьненскі – 12 выпадкаў.
Варта адзначыць, што толькі ў буйных гарадох і рэгіёнах гэтая злачыннасьць у колькасным выразе большая. Так, у Віцебску, Аршанскім і Полацкім раёнах непаўнагадовая злачыннасьць склала адпаведна 76, 32 і 22 выпадкі. Таксама трэба адзначыць, што ў 2014, 2015 гадох гэтая злачыннасьць стала расьці ў параўнаньні з 2012 і 2013 гадамі.
Наогул, і што тычыцца дарослай злачыннасьці, па колькасьці выпадкаў на 100 000 насельніцтва у Гарадоцкім раёне за 2015 год зарэгістраваны рост да 1319 выпадкаў, што вывела раён на сумнае чацьвёртае месца ў Віцебскай вобласьці пасьля Віцебскага, Шумілінскага і Дубровенскага раёнаў. А агульнанацыянальны паказчык за 2015 год склаў толькі 1022 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва.