Аўторак, 19 Сакавік 2013

Помнік расейскаму патрыярху ўсталёўваюць на Ўсьпенскай горцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На Ўсьпенскай горцы, на плошчы каля Сьвята-Ўсьпенскага катэдральнага сабору, рыхтуюць да ўстаноўкі помнік былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II. Цяпер працоўныя віцебскага будтрэсту №9 рыхтуюць пляцоўку для падмурку будучага манумэнту. Як распавёў прараб Віталь Кручкоў, мантаж помніку павінны завершыць да 23 сакавіка. Вышыня бронзавай фігуры патрыярха разам з гранітным пастамэнтам складзе каля 5 мэтраў.

Аўтары помніку – мінскі скульптар Уладзімер Слабодчыкаў, архітэктар Ігар Марозаў і дызайнэр Ігар Воюш. Каля крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай манумэнт стаіць часова. Усталююць яго ўбаку. Плянуецца, што ўрачыстае адкрыцьцё манумэнту адбудзецца 7 красавіка, на сьвята Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы. Характэрна, што помнік Аляксію II будзе знаходзіцца побач з тым самым саборам, аднаўленьне якога ён блаславіў падчас свайго візыту ў Віцебск у верасьні 1998 году.

Гэта ўжо другі помнік царкоўнаму герарху ў абласным цэнтры – у 2008 годзе ў двары катэдральнага касьцёлу Езуса Міласэрнага ўсталявалі 4,5-мэтровы помнік у гонар Яна Паўла II, на знак 30-годзьдзя абраньня яго Папам Рымскім.

Раней помнік сьвяцейшаму патрыярху знаходзіўся на падворку рэзыдэнцыі архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя.

Народныя навіны Віцебска