Серада, 05 Люты 2014

Колькасьць насельніцтва Віцебшчыны працягвае зьмяншацца

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле стану на 1 студзеня 2014 г. колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці склала 1 млн. 202,2 тысячы чалавек. За мінулы год колькасьць жыхароў Віцебшчыны зьменшылася на 5,8 тысяч чалавек, што супастаўна з насельніцтвам невялікага райцэнтру, напрыклад Расонаў або Ўшачаў.

Дарэчы, тэндэнцыя зьмяншэньня колькасьці насельніцтва Віцебшчыны назіраецца з 1989 году - паводле вынікаў перапісу на той момант у вобласьці налічвалася 1 млн. 409,909 жыхароў. Перапіс 1999 году зафіксаваў 1 млн. 377,161 жыхароў. Празь дзесяць гадоў, у 2009 годзе, у Віцебскай вобласьці пражывала 1 млн. 230,821 чалавек.

У 2013 годзе (за выключэньнем двух месяцаў) колькасьць жыхароў вобласьці памяншалася цягам усяго году: на 700 у студзені, 500 у лютым, 800 у сакавіку, 800 у красавіку, 500 у траўні, 500 у чэрвені, 1000 у верасьні, 700 у кастрычніку, 400 у лістападзе і 100 у сьнежні. У ліпені ўпершыню быў дасягнуты станоўчы рост насельніцтва - плюс 200 чалавек, у жніўні паказчыкі заставаліся бязь зьменаў. Праўда, абумоўленае дадатнае сальда было не натуральным прыростам насельніцтва (перавышэньне нараджальнасьці над сьмяротнасьцю), а міграцыйнымі працэсамі.

За сьнежань на тэрыторыі Віцебскай вобласьці нарадзілася 1174 чалавек , памерла 1543 чалавек. Усяго за мінулы год у вобласьці зьявілася 13520 нованароджаных, памерла - 18620 чалавек.

Памяншэньне жыхароў Віцебшчыны на 700 чалавек у 2013 годзе абумоўленае міграцыйнымі працэсамі, рэшту лічбы - 5100 чалавек - складае натуральнае зьмяншэньне насельніцтва (перавышэньне сьмяротнасьці над нараджальнасьцю).

Натуральны прырост, зьмяншэньне (-) насельніцтва па абласьцях і Менску ў 2013 годзе:

 

Паводле апэратыўных дадзеных, колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2014 году склала 9 млн. 468,1 тыс. чалавек. Натуральнае зьмяншэньне насельніцтва ў 2013 годзе ў параўнаньні з 2012 годам скарацілася на 30,4% і склала 7409 чалавек. Міграцыйны прырост за 2013 склаў 11 643 чалавек і кампэнсаваў натуральнае зьмяншэньне насельніцтва, забясьпечыўшы павелічэньне колькасьці насельніцтва ў параўнаньні з пачаткам году на 4,2 тыс. чалавек.

 

У 2013 годзе ў краіне нарадзілася 118 463 дзіцяці, памерла - 125 872 чалавекі. У цэлым па краіне ў 2013 годзе колькасьць памерлых перавысіла колькасьць народжаных на 6,3% (у 2012 годзе - на 9,2%).

 

Па выніках году Віцебшчына працягвае ўтрымліваць сумнае лідэрства: займае першае месца па паказчыку натуральнага зьмяншэньня насельніцтва ( 5100 чалавек), дэманструе самы нізкі ў краіне каэфіцыент нараджальнасьці (11,2 пры сярэднім у краіне 12,5) і знаходзіцца на першым месцы паводле каэфіцыенту сьмяротнасьці (15,5 пры сярэднім у краіне 13,3).

Крыніца: Хімік.інфо