Панядзелак, 31 Сакавік 2014

У Віцебскім раёне кошт паслуг па водазабесьпячэньні ў тры разы перавышае сярэднеабласны ўзровень

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебскім раёне кошт паслуг па водазабесьпячэньні ў тры разы перавышае сярэднеабласны ўзровень, паведамілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці.

Абласная камісія па вывучэньні праблемных пытаньняў у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы рэгіёну (створаная ў мэтах выкананьня распараджэньня кіраўніка дзяржавы) адзначае, што ў асобных населеных пунктах страты вады ў сетках складаюць больш за 90%. Асноўная прычына - знос сетак, а таксама несвоечасовае выяўленьне аварыяў і ліквідацыя ўцечак вады.

“У раёне эксплёатуецца 110 артэзіянскіх сьвідравін. Іх усталяваная магутнасьць складае 45 тыс. куб.м у суткі, у той час як падключаная - усяго 8% ад усталяванай. Пры гэтым у асобных населеных пунктах падключаная магутнасьць складае менш за 1%. У населеных пунктах Фокіна і Пышнякі ў суткі падымаецца менш за 5 куб.м. А кошт спажытай электраэнэргіі артэзіянскай сьвідравіны ў Фокіна за 2013 склала Br19,3 млн”, - адзначылі ў КДК.

Адной з прычын высокаго кошту паслуг па водазабесьпячэньні сталі вялікія страты вады ў сетках УП ЖКГ “Витрайкамгас” з-за іх зношанасьці. Так, 95,8 км сетак водазабесьпячэньня (41,2% ад агульнай працягласьці сетак) маюць знос 100%, 37,2 км сетак (16%) - знос больш за 70%. Пры гэтым у 27 населеных пунктах, у якіх ажыцьцяўляецца цэнтралізаваная падача вады, сеткі водазабесьпячэньня цалкам замартызаваныя. У выніку ў асобных населеных пунктах страты складаюць больш за 90% паднятай вады.

Спэцыялісты адзначаюць, што апроч аб’ектыўных прычын назіраюцца і такія, як несвоечасовасьць выяўленьня і ліквідацыі аварыяў. Так, у населеным пункце Хадорына Віцебскага раёну, нягледзячы на значнае павелічэньне расходу вады, не была своечасова (звыш 5 месяцаў) выяўленая і ліквідаваная ўцечка вады. Толькі за кастрычнік-сьнежань 2013 году звышнарматыўныя страты вады склалі больш за 1,2 тыс. куб.м, на ўздым якой затрачана 5,1 тыс. кВт электраэнэргіі. “Пры гэтым ніхто з адмыслоўцаў не зьвярнуў увагі на тое, што пры канцы мінулага году аб’ём паднятай вады з артэзіянскай сьвідравіны гэтага населенага пункту павялічыўся ў 30 разоў, а звышнарматыўныя страты электраэнэргіі - у 65 разоў”, - падкрэсьлілі ў КДК.

Высокі кошт паслуг па водазабесьпячэньні абумоўлена і тым, што пры заключэньні дамоваў не вядзецца праца па поўным ахопе насельніцтва. У Віцебскім раёне знаходзіцца 37 населеных пунктаў, у якіх абслугоўваецца да 13 асабовых рахункаў, тады як колькасьць жыхароў большая ў некалькі разоў. Так, у населеным пункце Сьветлы аформлена ўсяго 13 асабовых рахункаў на аказаньне паслуг па водазабесьпячэньні, у той час як фактычна пражывае 43 чалавекі.

Вынікі гэтай працы з канкрэтнымі прапановамі абагульненыя і накіраваныя на адрас рэспубліканскай камісіі. Цяпер праводзіцца праверка гаспадарчай дзейнасьці УП ЖКГ “Вітрайкамгас”, па выніках якой будзе дадзеная ацэнка дзеяньням службовых асоб, якія дапусьцілі вышэйзгаданыя факты, і прынятыя адпаведныя меры адказнасьці да вінаватых.

Крыніца: БелТА